Білеты з Менска ў Вільню адчувальна падаражэлі
1- 9.08.2024, 11:10
- 6,308
Кошты могуць узляцець яшчэ больш.
З сакавіка кошты некаторых білетаў на аўтобус з Менска ў Вільні выраслі ўдвая. І хутчэй за ўсё сітуацыя працягне пагаршацца, піша nashaniva.com.
Сёлета ў сакавіку самы танны білет з беларускай сталіцы ў літоўскую можна было набыць за 80 рублёў. Самы дарагі ў той жа час каштаваў 140 рублёў.
Цяпер жа самы бюджэтны варыянт, які ёсць на сайце "Мінсктранса" на канец жніўня, каштуе блізу 155 рублёў. Самы дарагі - 335 рублёў.
У "Экалайнс" білет можна купіць за 200 рублёў. У “Еўралайнсе” - ад 165 рублёў.
Самыя танныя кошты прапануе "Атлас". У гэтага перавозчыка білеты ў Вільню пачынаюцца ад 140 рублёў (яшчэ месяц таму можна было ўзяць за 120, а летась — за 80 рублёў).
У той жа час кошты білета з Менска ў Варшаву амаль не змяніліся. Напрыклад, у сакавіку “Экалайнс” прадаваў квіткі на гэты маршрут за 200 рублёў - і роўна столькі ж яны каштуюць цяпер. На сайце "Мінсктранса" на канец жніўня ёсць і таннейшыя прапановы: кошты пачынаюцца са 135 рублёў.
Рост коштаў білетаў менавіта ў Вільню можна растлумачыць тым, што Літва рэалізуе план скарачэння плыні аўтобусаў з Беларусі. Па-першае, быў закрыты шэраг пунктаў пропуску праз мяжу — зараз дзейнічаюць толькі два (з беларускага боку гэта "Каменны Лог" і "Беняконі"). Па-другое, літоўскія ўлады імкнуцца зменшыць колькасць дазволаў для беларускіх і літоўскіх кампаній, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі. Атрымліваецца так, што пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на перавозкі перавозчыкі не атрымліваюць новыя і таму вымушаны сыходзіць.
Калі да 1 сакавіка 2024 года людзей з Беларусі ў Літву вазілі 58 перавозчыкаў, то зараз іх засталося 35. Плануецца, што да лютага 2025 года іх колькасць паступова будзе зніжана да 29, агучвала лічбы ў эфіры LRT міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.