ДАІ адправіла патрулі да крам па ўсёй Беларусі
12- 9.08.2024, 12:55
- 17,588
На цэлыя чатыры дні.
Дзяржаўтаінспекцыя Менска абвясціла аб рэспубліканскай акцыі, якую надумалі правесці на гэтых выходных, з 9 да 12 жніўня.
Прафілактычнае мерапрыемства закране ўсе вобласці Беларусі і будзе накіраванае на "спыненне фактаў" кіравання ў нецвярозым стане. Таксама інспектары ДАІ паабяцалі пільную ўвагу тым, хто не баіцца ездзіць без пасведчання - іх таксама прыцягнуць да адказнасці.
Падчас рэспубліканскай акцыі "П'янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе" супрацоўнікі ДАІ паабяцалі ўзмацніць нагляд за дарожным рухам і адправіць патрулі да "месцаў масавага адпачынку грамадзян", крам і забаўляльных устаноў, якія працуюць 24/7.
Таксама ў ведамстве расказалі, што запланавалі абмен патрулямі ДПС у мяжуючых раёнах і правядзенне спецмерапрыемстваў пад умоўнымі назвамі "Фільтр" і "Павуцінне". У ДАІ дадалі, што супрацоўнікі ДПС "Страла" нададуць практычную дапамогу раёнам з найбольш неспрыяльным дарожным становішчам.
Акрамя таго, Дзяржаўтаінспекцыя Менска папрасіла не хаваць “спробы нецвярозага кіравання” і паведамляць пра гэта па тэлефоне 102. Не забыліся перасцерагчы беларусаў і пра “пераменлівыя варункі надвор'я”, падчас якіх трэба выкарыстоўваць “падвышаныя меры бяспекі” і “быць разважлівым”.