21 снежня 2024, Субота, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The New York Times напісала аб неэфектыўнасці офіса Святланы Ціханоўскай

83
The New York Times напісала аб неэфектыўнасці офіса Святланы Ціханоўскай

Бяздзейнасць офіса выклікае вялікую незадаволенасць беларусаў.

Хоць Беларусь адыграла пэўную ролю ў шырокамаштабным абмене зняволенымі на мінулым тыдні, ніводзін з 1400 вязняў, прызнаных праваабаронцамі палітвязнямі, не быў вызвалены, пішуць Эндру Хігінс і Томас Дапкус для амерыканскага выдання The New York Times (пераклад — сайт Charter97.org).

Вашынгтон і Масква ўспрынялі найбуйнейшы абмен зняволенымі паміж Усходам і Захадам з часоў халоднай вайны як трыумф. Гэта выклікала здзіўленне і боль сярод сям'і і сяброў палітвязня лаўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і іншых апанентаў Лукашэнкі - дыктатара, які цягам 30 гадоў утрымлівае ўладу ў Беларусі.

Беларусь удзельнічала ў абмене, вызваліўшы грамадзяніна Нямеччыны, прысуджанага да пакарання смерцю. Аднак, у адрозненне ад Расеі, улады Беларусі не вызвалілі ніводнага са зняволеных, прызнаных праваабарончым цэнтрам "Вясна" палітычнымі зняволенымі.

“Нам горка, што ніводнага беларуса не вызвалілі», - кажа актывістка «Вясны» Алена Маслюкова. Яна дадала, што "ў Беларусі больш палітвязняў, чым у Расеі, але на Беларусь меншы ціснулі для вызвалення палітычных зняволеных".

Гэта можа быць звязана з тым, што Беларусь, насельніцтва якой складае менш за 10 мільёнаў чалавек і якую з 1994 года ўзначальвае Лукашэнка, разглядаецца на Захадзе як прарасейская марыянеткавая дзяржава і, нягледзячы на пастаянны тэрор, краіна не прыцягвае да сябе асаблівай увагі.

Але адсутнасць беларускіх зняволеных у спісах для абмену на мінулым тыдні выклікала пытанні аб тым, чаму апаненты Лукашэнкі за мяжой на чале са Святланай Ціханоўскай, самаабвешчаным нацыянальным лідаркай Беларусі, не змаглі зрабіць вызваленне зняволеных прыярытэтам для Злучаных Штатаў і іншых заходніх урадаў.

Гэта моцна адрозніваецца ад дзеянняў расейскага апазіцыйнага руху ў выгнанні, які энэргічна змагаўся за вызваленне сваіх дысідэнтаў.

Офіс Ціханоўскай у Вільні, сталіцы Літвы, накіраваў паведамленне заходнім дыпламатам на мінулым тыдні, у якім прызнаў, што “сярод часткі грамадства і экспэртаў існуе меркаванне, што яны не зрабілі дастаткова для таго, каб расставіць прыярытэты ў пытанні беларускіх палітычных зняволеных для забеспячэння ўлічвання іх інтарэсаў падчас абмену зняволенымі”. Гэта, як кажуць, толькі частка праўды.

Сяргей Ціханоўскі, муж Святланы Ціханоўскай, таксама знаходзіцца ў турме ў Беларусі.

Таксама з абмену зняволенымі быў выключаны Алесь Бяляцкі, заснавальнік "Вясны", які быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе. Ён адбывае 10-гадовы тэрмін у Беларусі за сваю ролю ў беспрэцэдэнтных агульнанацыянальных вулічных пратэстах 2020 года, якія пачаліся пасля заявы Лукашэнкі аб тым, што ён атрымаў “пераканаўчую перамогу”, шостую запар, на фальсіфікаваных выбарах.

Жонка Бяляцкага, Наталля Пінчук, жыве ў Нарвэгіі. У рамках абмену гэтая краіна выпусціла расейскага шпіёна, які выдаў сябе за бразільца. Яна сказала, што "гэта разбіла яе сэрца і сэрцы зняволеных беларусаў, ніхто з іх не быў вызвалены". Наталля дадала, што паняцця не мела, што абмяркоўваецца абмен, пакуль ён не адбыўся.

Польшча, якая ў рамках абмену вызваліла гішпанскага журналіста, арыштаванага недалёка ад польска-ўкраінскай мяжы паводле абвінавачання ў шпіянажы на карысць Расеі ў 2022 годзе, таксама засталася не пры справе. Лукашэнка супраціўляўся польскім патрабаванням вызваліць Анджэя Пачобута, этнічнага паляка, журналіста і аднаго з лідараў польскай дыяспары, які быў прысуджаны летась да васьмі гадоў паводле абвінавачання ў пагрозе нацыянальнай бяспецы.

“Чаму вызваленне беларускіх палітвязняў не з'яўляецца прыярытэтам для Захаду?”, - задаецца пытаннем Таццяна Хоміч, сястра палітычнай зняволенай Марыі Калеснікавай. Калеснікава ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года і пасля выкрадання сілавікамі разарвала свой пашпарт, каб яе не змаглі выправадзіць з Беларусі.

Гэты акт мужнага непадпарадкавання зрабіў яе героем для многіх беларусаў і, у выпадку яе магчымага вызвалення з турмы і прымусовага выгнання, яна магла б стаць патэнцыйнай апаненткай Ціханоўскай.

Ціханоўская, кандыдатка ў прэзідэнты на сумнеўных выбарах 2020 года, уцякла ў Літву неўзабаве пасля таго, як абвясціла сябе пераможцай згодна з вынікамі галасавання. Яна, знаходзячыся ў выгнанні, з усіх сіл спрабавала прыслабіць жорсткую ўладу беларускага дыктатара і яго ўсё больш шчыльны саюз і залежнасць ад Пуціна.

Лукашэнка не хоча адпраўляць беларускае войска на вайну ва Украіну, але дазволіў выкарыстаць сваю краіну ў якасці плацдарму для расейскіх вайскоўцаў, а з дапамогай расейскіх сілаў бяспекі здушыў іншадумства ў Беларусі.

Прыхільнікі Ціханоўскай сцвярджаюць, што яны стаялі за атакай на расейскі вайсковы самалёт (гаворка ідзе пра аперацыю ў Мачулішчах — заўв. рэд.) і чыгуначныя пуці ў Беларусі, але амаль усе гэтыя аперацыі здзейсненыя ўкраінскімі службамі бяспекі. Няма ніякіх доказаў таго, што кабінет Ціханоўскай карыстаецца вялікай папулярнасцю ў насельніцтва Беларусі.

Для некаторых адсутнасць беларускіх палітвязняў у абмене падкрэсліла праблемы руху ў выгнанні, які падтрымліваўся мільёнамі даляраў заходняй дапамогі, але мае цяжкасці з тым, каб іх голас быў пачуты ўнутры Беларусі ці ў заходніх сталіцах.

Ціханоўская страціла свайго галоўнага прыхільніка ў ЗША ў 2022 годзе, калі скончыўся тэрмін паўнамоцтваў пасла Джулі Фішэр, якая з 2020 года займала пасаду спецыяльнага пасланніка ЗША ў Беларусі. Яна была ўплывовай абаронцай беларускай апазіцыі ў выгнанні, калі знаходзілася ў Вільні.

Спрабуючы заручыцца падтрымкай Ціханоўскай, больш за 200 беларускіх актывістаў у выгнанні сабраліся ў Вільні на мінулым тыдні і абвясцілі яе «нацыянальнай лідаркай» да таго часу, пакуль у Беларусі не пройдуць свабодныя і справядлівыя выбары, або пакуль яна не сыдзе ў адстаўку.

На канферэнцыі не было прыхільнікаў некаторых зняволеных лідараў апазіцыі, якія не падзяляюць погляды Ціханоўскай. Да іх належыць Віктар Бабарыка, які карыстаецца папулярнасцю былы банкір, які знаходзіцца ў турме з 2020 года і, на думку некаторых аналітыкаў, мае больш шанцаў перамагчы Лукашэнку на свабодных выбарах. Беларускае КДБ арыштавала яго незадоўга да галасавання 2020 года, каб перашкодзіць яму балатавацца.

Арцём Шрайбман, беларускі палітолаг, які цяпер жыве ў Варшаве, паскардзіўся, што “беларускія дэмакратычныя сілы шмат гадоў падтрымліваюць дыпламатычныя стасункі з Захадам, але не змаглі зрабіць палітвязняў прыярытэтным пытаннем”. Ён дадае, што "гэта азначае, што зняволеныя ў Беларусі не былі на парадку дня" да абмену на мінулым тыдні, хаця Лукашэнка ўдзельнічаў і пагадзіўся вызваліць зняволенага немца Рыка Крыгера.

У той час, як расейскія актывісты за мяжой лабіявалі інтарэсы зняволеных суайчыннікаў, беларуская апазіцыя засяродзілася на зрынанні Лукашэнкі.

“На жаль, намаганні дэмакратычных сіл у апошнія гады не прывялі да вызвалення людзей. Доўгі час прыярытэтам была змена рэжыму, якая магла прывесці да вызвалення ўсіх палітвязняў”, - кажа сястра Калеснікавай.

Расейскія эмігранты таксама разглядаюць за канчатковую мэту змену рэжыму. Аднак яны маглі прыняць да ўвагі, што гэта зойме шмат гадоў, яны дамагаліся вызвалення асобных зняволеных ад заходніх урадаў. Расейскія актывісты адыгралі важную ролю ў тым, каб падштурхнуць Вашынгтон да разгляду спраў зняволеных расейскіх дысідэнтаў, такіх як Уладзімір Кара-Мурза і Ілля Яшын. Іх абодвух вызвалілі падчас апошняга абмену.

Офіс Ціханоўскай у сваім пасланні дыпламатам намагае, што “пытанне палітычных зняволеных застаецца прыярытэтным”, і папрасіў заходнія ўрады выдаць грошы для фінансавання Міжнароднага гуманітарнага фонду ў падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем'яў.

Але ў некаторых колах гэта выклікала незадаволенасць камандай Ціханоўскай, якая ўжо атрымлівае шчодрую фінансавую падтрымку ад Захаду, а зараз спрабуе выкарыстаць праблему зняволеных, каб атрымаць яшчэ больш грошай.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках