Bloomberg: Ваенную эканоміку Расеі чакаюць праблемы
4- 9.08.2024, 16:05
- 7,968
Працоўныя рэсурсы краіны-агрэсаркі РФ практычна вычарпаныя.
Эканоміка Расеі, «перагрэтая» вялізнымі выдаткамі Крамля на вайну супраць Украіны, можа неўзабаве імкліва астыць на фоне росту абмежаванняў у ключавых сектарах. Пра гэта 9 жніўня паведамляе агенцтва Bloomberg.
Паводле інфармацыі журналістаў, працоўныя рэсурсы краіны-агрэсаркі РФ практычна вычарпаныя на фоне жорсткай канкурэнцыі за навабранцаў паміж вайскоўцамі і прадпрыемствамі абароннай сферы - і гэта, імаверна, абмяжуе далейшае пашырэнне ваенна-прамысловага комплексу. Будаўнічы і банкаўскі сектары РФ, у сваю чаргу, больш не абароненыя ад уздзеяння вельмі высокіх адсоткавых ставак, бо большасць іпатэчных праграм, якія субсідуюцца з дзяржказны, былі згорнутыя ў ліпені 2024 года.
Як піша Bloomberg, валавы ўнутраны прадукт РФ, паводле прагнозаў, вырасце больш чым на 4% за год у другім фінансавым квартале 2024 года - але затым рост, імаверна, замарудзіцца напалову да канца снежня.
«Перш чым эканоміка Расеі пачне прыкметна астываць, яна павінна паказаць апошні рывок росту», – сказаў спецыяліст па РФ з Bloomberg Economics Алекс Ісакаў.
Ён чакае, што рост ВУП Расеі абрынецца да паказчыка 0,5% -1,5% у 2025 годзе.
Як нагадвае Bloomberg, Крэмль значна павялічыў выдаткі пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну лютым 2022 года, укладваючы сродкі ў ваенную і абаронную прамысловасць і ўжываючы захады для абароны расейскага бізнэсу ад наступстваў санкцый, уведзеных ЗША і Еўрапейскім Звязам.
Са слоў кіраўніцы Цэнтрабанка РФ Эльвіры Набіулінай, сітуацыя прывяла да перагрэву эканомікі да ўзроўню, нябачанага з часоў сусветнага фінансавага крызісу 2008 года - у адказ на велізарны ўсплёск унутранага попыту.
«Рэзервы рабочай сілы і вытворчых магутнасцей практычна вычарпаныя», - заявіла яна.
Больш за тое, у ліпені 2024 года Цэнтрабанк павысіў ключавую адсоткавую стаўку на 200 базісных пунктаў - да 18% (самы высокі паказчык з першых тыдняў уварвання) - для таго, каб супрацьстаяць рызыцы стагфляцыі, бо рост коштаў працягвае паскарацца, падсумавалі ў Bloomberg.