Украінскі чыноўнік распавёў аб мэтах нападу на Курскую вобласць РФ
4- 9.08.2024, 17:11
- 13,088
Фокус вайны зрушыўся.
Мэта аперацыі ў Курскай вобласці палягае ў тым, каб адцягнуць расейскія войскі ад лініі фронту ва Украіне, заявіў на ўмовах ананімнасці высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, піша The New York Time.
«Раптоўнае наступленне Кіева ў РФ часова зрушыла фокус вайны, адкрыўшы новы фронт унутры Расеі і заахвоціўшы Маскву ўжыць захады, каб спыніць наступленне Украіны. У той жа час аперацыя выклікала пытанні аб тым, ці варта рызыкаваць, улічваючы, што ўкраінскія сілы ўжо расцягнутыя. Таксама незразумела, ці дапаможа місія Украіне палепшыць свае пазіцыі на астатнім полі бою», - гаворыцца ў публікацыі.
На думку ваенных экспертаў, галоўнае пытанне зараз палягае ў тым, ці зможа Украіна захаваць дынаміку і ператварыць поспех на тэрыторыі Расеі ў карысныя для сябе выгады.
«Яшчэ невядома, ці паспрабуе Украіна прасунуцца далей, каб умацаваць кантроль над захопленай ёю тэрыторыяй, ці адступіць праз некалькі дзён, як гэта адбылося ў папярэдніх, менш маштабных трансгранічных рэйдах», – адзначылі ў выданні.
На думку Эміля Кастэльмі, аналітыка Black Bird Group - фінскай арганізацыі, якая аналізуе выявы з поля бою, Украіна не можа працягваць рухацца далей на поўнач, не пашырыўшы свае флангі і не зазнаўшы контратакі Расеі.