Канада ўвяла санкцыі супраць Мікалая Лукашэнкі
8- 9.08.2024, 19:23
- 16,694
Таксама ў спіс патрапілі шэсць беларускіх суддзяў.
Канада пашырыла санкцыйны спіс супраць афіцыйнага Менска. Пад абмежаванні патрапілі 10 чалавек і 6 кампаній. Сярод іх - сын дыктатара Лукашэнкі Мікалай. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, якое было размешчана 9 жніўня на сайце канадскага ўраду, піша «Зеркало».
Пашырэнне рэстрыкцый прымеркаванае да чацвёртай гадавіны «прэзідэнцкіх выбараў» 2020 года. У санкцыйны спіс сярод іншых дадалі суддзяў, якія «груба парушаючы абавязацельствы па правах чалавека, адвольна асудзілі і прыгаварылі абаронцаў дэмакратыі і звычайных грамадзян за выказванне сваёй нязгоды з фальсіфікаванымі выбарамі». Таксама ў яго ўключылі прадстаўнікоў ваенна-прамысловага комплексу.
«Прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, (…) займаюцца вытворчасцю ці рамонтам вайсковай тэхнікі, якая спрыяе поўнамаштабнаму ўварванню Расеі ва Украіну. Канада таксама ўводзіць санкцыі ў дачыненні да беларускага дзяржаўнага прадпрыемства, якое задушыла права сваіх супрацоўнікаў на мірны пратэст пасля фальсіфікаваных выбараў у жніўні 2020 года, запалохваючы і звальняючы супрацоўнікаў, якія далучыліся да мірных пратэстаў і забастовак», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
За грубыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі пасля фальсіфікацыі «прэзідэнцкіх выбараў» 2020 года канадскі ўрад уключыў у санкцыйныя спісы:
- Мікалая Лукашэнку;
- Юлію Блізнюк;
- Віталя Сініла;
- Ірыну Праўдун;
- Валянціну Новікаву;
- Вадзіма Мазоля;
- Аляксандра Абашына.
Акрамя таго пад абмежаванні патрапілі Алег Мішчанка, Павел Муравейка і Андрэй Федзін. Іх уключылі за дачыненне да вайсковай вытворчасці.
З юрыдычных асоб пад рэстрыкцыямі выявіліся «Менскі электратэхнічны завод», Канструктарскае бюро «Дысплей», «Менскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут», «Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын», «Планар» і «Гомсельмаш».