У Беларусь ідуць атмасферныя франты і паветраныя масы з Балтыйскага мора
2- 9.08.2024, 20:36
- 8,054
Яны адаб'юцца на надвор'і ў выходныя.
У Белгідрамеце расказалі, ці будзе надвор'е ў Беларусі камфортным на выходныя, 10 і 11 жніўня, і чаго чакаць у пачатку наступнага тыдня.
Пасля нядоўгай паўзы ў дажджах карэктыву ў надвор'е ўнясуць атмасферныя франты. У суботу 10 жніўня месцамі, а раніцай і днём па Віцебскай і Магілёўскай абласцях на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах прагрымяць навальніцы, ноччу і раніцай – туманы. Уначы тэмпературы апусцяцца да +11… +17 градусаў, днём паветра прагрэецца да +22… +28.
У нядзелю, 11 жніўня, за надвор'е ў Беларусі будуць адказваць атмасферныя франты і няўстойлівыя паветраныя масы з Балтыйскага мора. Праз гэта ноччу месцамі, а днём амаль па ўсёй краіне – кароткачасовыя дажджы, магчымыя месцамі навальніцы. Пры навальніцах парывы ветру будуць узмацняцца да 15–20 метраў за секунду. У начны час пахаладае да +8… + 14 градусаў, днём ад +18 па поўначы да +26 па поўдні краіны.
Паводле папярэдняга прагнозу Белгідрамета, няўстойлівае з дажджамі надвор'е захаваецца і ў пачатку наступнага працоўнага тыдня. У панядзелак, 12 жніўня, днём на большай частцы Беларусі чакаюцца дажджы і навальніцы, магчымае ўзмацненне парываў ветру да 15–18 метраў за секунду. Уначы блізу +8… +13 градусаў, днём будзе ад +17 у паўночных рэгіёнах да +24 па поўдні і паўднёвым захадзе краіны.