21 снежня 2024, Субота, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры мужчыны ў Менску абрабавалі кліента банка проста ў аддзяленні

9
Тры мужчыны ў Менску абрабавалі кліента банка проста ў аддзяленні

Яны здолелі ўцячы на аўто.

У Менску прайшоў суд над трыма мужчынамі, якія ў снежні летась абрабавалі кліента банка проста ў аддзяленні. Пра гэта паведамляе «Люстэрка» са спасылкай на Генпракуратуру.

Фігуранты крымінальнай справы — 52-гадовы жыхар Менскага раёна (яго абвінавацілі ў рабаванні, учыненым групай асобаў, у асабліва буйным памеры, учыненым паўторна), 26-гадовы жыхар Менска (яму абвясцілі абвінавачанне ў рабаванні, учыненым групай асобаў, у асабліва буйным памеры) і 27-гадовы жыхар сталіцы (яго судзілі паводле абвінавачання ў дапамозе ў рабаванні, учыненым групай асобаў, у асабліва буйным памеры).

Паводле версіі абвінавачання, мужчыны раніцай 20 снежня 2023 года прыйшлі да аддзялення аднаго з банкаў. Двое з іх увайшлі ў будынак, а трэці чакаў у аўтамабілі.

«Адзін з абвінавачаных, знаходзячыся ў памяшканні аддзялення банка, атрымаў ад пацярпелага на падставе дапамогі ў пераводзе грашовых сродкаў іншай асобе больш за 16 тысячаў еўраў, пасля чаго стаў дзейнічаць адкрыта і выбег з выкрадзенымі грашовымі сродкамі на вуліцу, на крыкі пацярпелага не рэагаваў. Далей ён сеў у аўтамабіль без рэгістрацыйных знакаў пад кіраваннем другога абвінавачанага. Пасля чаго мужчыны ўцяклі з месца злачынства», – расказалі ў Генпракуратуры.

Трэці знаходзіўся ў памяшканні банка і назіраў за тым, што адбываецца. У выпадку, калі б усё пайшло не паводле плану, ён павінен быў падстрахаваць суўдзельнікаў. Ён сышоў з будынка пасля таго, як ягоны «напарнік» з грашыма ўцёк і сеў у машыну.

Пасля гэтага рабаўнікі падзялілі скрадзеныя грошы, частку выдаткавалі, а астатнія прыкладна 10,3 тысячы еўра ў іх канфіскавалі аператыўнікі, калі затрымалі ўвечары ў той самы дзень.

Суд асудзіў аднаго з абвінавачаных да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму, а таксама абавязаў выплаціць штраф памерам 300 базавых велічыняў (12 тысячаў рублёў).

Другі фігурант пакараны шасцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам памерам 200 базавых велічыняў (восем тысячаў рублёў).

Трэці суўдзельнік рабавання атрымаў пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 200 базавых велічыняў (восем тысячаў рублёў).

Адзначаецца, што два абвінавачаныя патрапілі пад амністыю, абвешчаную да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у выніку суд часткова вызваліў іх ад пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год.

Аўтамабіль, на якім яны з'ехалі з банка з выкрадзенымі грашыма, у іх канфіскавалі ў прыбытак дзяржавы.

Прысуд не пачаў дзейнічаць і можа быць абскарджаны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках