22 снежня 2024, Нядзеля, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гімнастка Раскіна брала «срэбра» Алімпіяды за Беларусь, а цяпер як трэнер – з «золатам»

2
Гімнастка Раскіна брала «срэбра» Алімпіяды за Беларусь, а цяпер як трэнер – з «золатам»

Немка Дар'я Варфаламеева перамагла ў мнагабор'і ў мастацкай гімнастыцы ў Парыжы.

У свой час траўматычная беларуская «мастачка» Юлія Раскіна, перамагаючы боль, брала ўзнагароды самых буйных турніраў – у тым ліку на яе рахунку срэбра АГ-2000. Да наступнай Алімпіяды Раскіна не датрывала, надоўга сыходзіла ў цырк, а ў 2015-м стала трэніраваць у Нямеччыне, піша «Трыбуна».

Там да яе хутка трапіла перспектыўная дачка расейскіх бацькоў Маргарыта Коласава. А яшчэ праз некалькі гадоў – сапраўдны дыямент: з Расеі ў Нямеччыну пераехала Дар'я Варфаламеева.

Да АГ-2024 20-гадовая Коласава падышла проста прэтэндэнткай на медалі пры некаторым шанцаванні, а 17-гадовая Варфаламеева – відавочнай фаварыткай: яна заваявала абсалютна ўсе дысцыпліны на ЧС-2023. Так, можна сказаць, што гэта толькі праз бан для расеек у адказ на вайну ва Украіне. Але гэта размовы на карысць бедных – у Расеі адмовіліся атрымліваць нейтральны статус, нават калі гэта дазволілі, і з Варфаламеевай нават на Кубку свету не сутыкнуліся. А вось беларуская рэжымніца Аліна Гарнасько ў 2024-м паспрабавала – і жорстка саступіла натуралізаванай немцы.

Цяпер у Парыжы Варфаламеева ў кваліфікацыі стала другой, а Коласава – пятай. Але, як высветлілася, фаварытка проста зберагла найлепшыя выступы на фінал. Пасля практыкаванняў з абручом, мячом і булавамі Варфаламеева больш чым на два балы апярэджвала балгарку Барану Калейн.

Заставалася не памыліцца са стужкай – Варфаламеева, якая выступала перадапошняй, да таго моманту ўжо ведала, што Калейн у заключным падвідзе выступіла выдатна, але не на адгульванне адставання. І расейская немка справілася – адразу пасля заканчэння праграмы пераможна ўдарыла кулаком па дыване.

А непадалёк трыўмфавала Раскіна – спачатку падскочыла ад радасці, потым закрыла твар рукамі.

Ацэнак за стужку Варфаламеева і Раскіна чакалі разам. На 0,5 бала ніжэй, чым у Калейн – пляваць, чэмпіёнства засталося ў Нямеччыны!

Заставалася выступіць толькі італьянцы Сафіі Рафаэлі – яна павінна была пасунуць Коласаву з прамежкавага трэцяга месца. Але раптам сур'ёзная памылка, крах… Не – праграма была не бязгрэшнай, але адзнакі хапіла, каб стаць бронзавай медалісткай, абагнаўшы другую выхаванку Раскінай. І няма нічога дзіўнага, што Коласава не змагла стрымаць слёзаў.

Але на АГ камеры сочаць у першую чаргу за пераможцамі – і неўзабаве ўсе пераключыліся назад на Варфаламееву. Золата ўручылі адразу – вучаніца перасягнула трэнерку.

Раскіну ж час называць прэтэндэнткай на новую ўзнагароду нямецкаму трэнеру года – такая ўжо была ў 2022-м, калі Варфаламеева ўзяла пяць медалёў ЧС.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках