У цэнтры Скідаля можна набыць цэлы замак
9- 9.08.2024, 21:59
- 8,752
Названы кошт.
Дом у замкавым стылі можна набыць у цэнтры Скідаля. Ён знаходзіцца ў сядзібным парку Антановічаў-Чацвярцінскіх і пабудаваны на месцы былога дома і дворыка каталіцкага святара. Цяпер яго выставілі на продаж, паведамляе wikidom.by.
«Пабудаваны з сучасных матэрыялаў – цэгла і газасілікатны блок, уцеплены мінеральнай ватай, атынкаваны. Але пры гэтым дэкор сценаў выкананы з галандскай абліцавальнай цэглы ручной фармоўкі», – гаворыцца ў паведамленні.
Замак займае плошчу 286 квадратных метраў. На першым паверсе размяшчаецца прасторная гасцёўня (38 квадратных метраў), кухня-сталоўка (28 квадратных метраў), трэнажорная зала, більярдавая, музычны пакой, санвузел, паліўная і прасторная тэраса. На другім паверсе – пяць спальняў, кабінет і вялікі гаўбец. У гасцёўні ёсць печ-камін. Таксама ў доме ёсць старадаўні склеп з арачнымі скляпеннямі з цэглы.
Надзел каля дома – 12 сотак, там растуць дэкаратыўныя кусты і туі. Таксама ў двары – вялікі гараж і хлеў.
У апісанні гэтай сядзібы адзначаецца, што яна знаходзіцца ў «парку Антановічаў-Чацвярцінскіх, які цяпер мае статус помніка прыроды». Сам парк з'явіўся ў канцы XIX стагоддзя і цяпер займае больш за чатыры гектары. Спланавалі яго так, што пейзажныя карціны раскрываюцца паступова. Патэнцыйных пакупнікоў прывабліваюць ідэяй, што ў гэтым замку можна арганізаваць гатэльна-турыстычны бізнэс.