1 верасня 2024, Нядзеля, 16:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраільскія вайскоўцы выявілі целы шасці закладнікаў, якіх утрымліваў ХАМАС

Ізраільскія вайскоўцы выявілі целы шасці закладнікаў, якіх утрымліваў ХАМАС
Фота: AP

Сярод іх - грамадзяне Нямеччыны і РФ.

Байцы войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) знайшлі целы шасці захопленых баевікамі ХАМАС закладнікаў у сектары Газа, паведамляе «Нямецкая хваля» 1 верасня са спасылкай на прадстаўніка ЦАХАЛ Даніэля Хагары.

Паводле ягоных слоў, пасля шматгадзіннай праверкі былі ўстаноўленыя асобы загінулых — чатырох мужчын і дзвюх жанчын: Херш Голдберг-Палін (23 гады), грамадзянін РФ Аляксандр Лабанаў (32 гады), Алмаг Сарусі (27 гады), Оры Даніна (25 гады), грамадзянка Нямеччыны Кармэл Гат (40 гадоў) і Эжэн Ерушалмі (24 гады).

Як паведамляюць сваякі закладнікаў, не менш за пяць з іх былі захопленыя 7 кастрычніка 2023 года на музычным фестывалі Nova ў пустыні Негеў непадалёк ад мяжы з сектарам Газа, а яшчэ адзін чалавек — з кібуца Беэры.

Хагары паведаміў, што ўсе шасцёра былі жорстка забітыя баевікамі ХАМАС - незадоўга да таго, як іх целы знайшлі вайскоўцы ЦАХАЛ.

Са звестак выдання Times of Israel, целы знайшлі ў адным з тунэляў, пракладзеных ХАМАС пад Рафахам, прыкладна за кіламетр ад таго месца, дзе некалькі дзён таму быў знойдзены жывым закладнік Фархан аль-Кадзі.

«Мы прачынаемся з жахлівай навіной, што знойдзены яшчэ шэсць мёртвых заложнікаў, забітых ХАМАС. Адна з загінулых - Кармэл Гат. З 7 кастрычніка нашае пасольства разам з яе сям'ёй змагаліся за яе вызваленне. Нашы сэрцы з усімі абяздоленымі сем'ямі», — напісаў афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфен Зайбэрт на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках