1 верасня 2024, Нядзеля, 20:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археолагі знайшлі на раскопках пад Менскам «нечаканую знаходку» XI–XII стагоддзяў

4
Археолагі знайшлі на раскопках пад Менскам «нечаканую знаходку» XI–XII стагоддзяў

Пра важнае адкрыццё расказалі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Археолагі знайшлі на раскопках гарадзішча на рацэ Менка ў Менскім раёне могілкі XI–XII стагоддзяў. Гэта сведчыць, што побач была размешчаная царква.

«Мы здзейснілі нечаканую знаходку, пра якую нават не маглі меркаваць. У куце профіля раскопу мы знайшлі сляды ног чалавека ў пахаванні. Мы пачалі раскрываць суседнія ямы і выявілі ў іх пахаванні», – расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Андрэй Вайцяховіч.

Паводле ягоных словаў, спецыялісты знайшлі два поўныя пахаванні і фрагмент яшчэ аднаго. «Мы можам з упэўненасцю гаварыць, што гэтыя пахаванні XI–XII стагоддзяў», – адзначыў Вайцяховіч.

Ён расказаў, што ў старажытнарускіх гарадах могілкі ўнутры гарадскіх сценаў з'яўляліся толькі ў выпадку, калі ў гэтым горадзе была царква, таму што толькі каля яе сценаў можна было здзяйсняць пахаванні. На мясцовасці каля Менкі, прадоўжыў Вайцяховіч, быў храм недалёка ад уезду ў гарадзішча з заходняга боку.

«Тут маглі быць пахаваныя святары ці людзі, звязаныя з царквой. Гэта пакуль толькі здагадка, таму што ўсе пахаванні ідуць без інвентара», – расказаў прадстаўнік НАН.

Ён выказаў меркаванне, што тут, на гарадзішчы на Менцы, была самая старажытная хрысціянская царква ў гэтым рэгіёне, прычым, верагодна, драўляная, таму лакалізаваць яе будзе цяжка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках