1 верасня 2024, Нядзеля, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кабрынчанін паказаў падводны свет азёраў Беларусі

10
Кабрынчанін паказаў падводны свет азёраў Беларусі

Чароўнае відэа.

Кабрынчанін Кірыл Куляшоў ужо больш за 20 гадоў захапляецца падводным паляваннем. Мужчына не ставіць за мэту здабыць як мага больш рыбы – ён атрымлівае асалоду ад прыгажосці прыроды і самога працэсу, здымае свае падводныя прыгоды на камеру і дзеліцца ўражаннямі, піша kobrincity.by.

Спачатку падводны свет дарыў замест улову адрэналін

«З ранняга дзяцінства бацька і дзядулі бралі мяне з сабой на рыбалку – увесь вольны час я праводзіў на вадаёмах. У 12 гадоў пачаў лавіць ракаў на кар'ерах за Малымі Ляпесамі, ныраючы з маскай, трубкай і ў ластах. У 2000-м годзе бацька з камандзіроўкі прывёз падводную стрэльбу. Тады я і захварэў на падводнае паляванне» – дзеліцца Кірыл пачаткам свайго станаўлення як падводнага паляўнічага.

Спачатку малады «падвох» часта заставаўся без рыбы, але падводны свет Кобрыншчыны вабіў і дарыў адрэналін.

Уражанні захоплівалі дух і Кірыл надумаў запісваць падводны свет на відэа, каб дзяліцца сваімі эмоцыямі – набыў камеру і завёў свой ютуб-канал.

Бачнасць на Мухаўцы невялікая – плывеш, бывае, амаль навобмацак

«Першыя апусканні не прыносілі ўлову, затое падводны мір зачароўваў і дарыў велізарнае задавальненне ад простага сузірання. З гадамі я набраўся досведу і навучыўся здабываць рыбу. Большасць думае, што гэта проста – зайшоў у ваду, абраў рыбу, стрэліў і ўсё, але гэта далёка не так. Падводнае паляванне патрабуе фізічнага здароўя, цягавітасці і цярпення. Часта такі промысел мог доўжыцца 5-6 гадзінаў і быць безвыніковым. Здабываючы судака, даводзіцца месцамі ныраць на глыбіню ад 4 да 9 метраў у заваленае дрэвамі і галінкамі дно – менавіта там яны і жывуць. На дне цемра і бачнасць на Мухаўцы невялікая – плывеш, бывае, амаль навобмацак», – апавядае падводны паляўнічы.

Мухавец, Каташы, Браслаўскія азёры і нават Чорнае мора

«Цяпер палюю нашмат радзей, з 2022 года практычна ўсе вадаёмы ў Берасцейскай вобласці патрапілі пад забарону для палявання. А там, дзе дазволенае падводнае паляванне, адсутнічае празрыстасць вады, ды і месцаў у спісе вельмі мала. Аднак я кожны год плачу ўнёскі і знаходжуся ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў. Для занятку падводным паляваннем трэба мець пасведчанне БТПР і падводнага паляўнічага, абавязкова аплачаныя. Без іх паляваць нельга.

Да забароны паляваць можна было ўсюды. Паляваў на Браслаўскіх азёрах, старым Мухаўцы, новым Мухаўцы, Днепрабугскім канале, на азёрах у Берасці, Олтушы, Лукаўскім, Каташы, Сонечным, Беліне і шмат розных невялікіх рачулак і вадаёмаў без назваў – усе і не ўспомніць. Нядаўна паляваў у Чорным моры і застаўся без рыбы, там таксама трэба мець досвед, але для мяне галоўнае сам працэс», – адзначае Кірыл.

У прыроды трэба не толькі браць, але і аддаваць

«Падводнае паляванне для мяне – гэта хобі, спорт, забаўка, заўсёды новыя і незабыўныя ўражанні і магчымасць, вядома, здабыць рыбу, якую я вельмі люблю есці са сваёй сям'ёй. Кожны раз, заходзячы ў ваду, адчуваю, як у першы раз, невялікую трывогу і нават, мусіць, невялікі страх. Шмат гадоў займаюся, а прывыкнуць немагчыма – заўсёды ўсё нешта новае.

Чысціня вады з кожным годам становіцца горшай, рыбы меншыя і ў многіх месцах зніклі ракі. Шмат смецця на беразе і нават на дне, якое я заўсёды прыбіраю ў сілу сваіх магчымасцяў. Бывае, прыбярэш, прыедзеш праз два тыдні, а там яшчэ больш смецця.

Бывае магчымасць набраць шмат рыбы, але я заўсёды браў і бяру столькі, колькі мне трэба на вячэру ці абед. Хачу, каб дзеці, унукі і праўнукі яшчэ лавілі, а калі так выбіваць і гэтак жа на вуды, спінінгі, фідары лавіць, то што застанецца?» – падкрэслівае суразмоўца.

Пад вадой я ў іншым свеце – праблемы засталіся дзесьці на беразе

«За ўсе гады здабыў нямала трафеяў, гэта і белы амур, карп, судак, шчупак, лін, язь, акунь, самоў вялікіх не трапілася, максімальны 9 кг. Але самы каштоўны для мяне карася вагой 4 кг 150 грам – які ён быў смачны!

Пад вадой я ў іншым свеце, дзе спадзяешся толькі на сябе і няма вакол нікога і нічога. Цалкам адрываюся ад усіх праблемаў, справаў, працы, якія засталіся дзесьці на беразе», – заканчвае гутарку Кірыл.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках