1 верасня 2024, Нядзеля, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва наганяе прагрэсіўныя краіны: Жыхары ўсё радзей карыстаюцца гатоўкай

6
Літва наганяе прагрэсіўныя краіны: Жыхары ўсё радзей карыстаюцца гатоўкай

Папулярнасць набіраюць плацяжы, заснаваныя на выкарыстанні біяметрычных звестак.

У Літве ўсё больш жыхароў карыстаецца безнаяўным разлікам. Прэс-сакратарка Літоўскай асацыяцыі банкаў Айстэ Вэберайтэ сказала Delfi, што за апошнія 5 гадоў колькасць выпадкаў безнаяўнага разліку ў Літвы вырасла больш чым у два разы. Паводле ейных словаў, такая самая тэндэнцыя назіраецца і ў іншых краінах.

Іншая сітуацыя назіраецца ў Румыніі, там жыхары ўсё яшчэ аддаюць першынство гатоўцы. Паводле звестак Сусветнага банка, гэтая краіна займае 1 месца ў Еўрапейскім Звязе ў колькасці жыхароў, у якіх няма рахунку ў банку. У краіне трэць жыхароў не карыстаецца рахункамі. На другім месцы – Балгарыя. Нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне безнаяўны разлік набірае папулярнасць, прадаўжаюць лідзіраваць грошы гатоўкай.

Паводле звестак Сусветнага банка за 2021 г, у Літве рахунку ў банку не было ў 6% жыхароў старэйшых за 14 гадоў, Літва ўвайшла ў пяцёрку краінаў ЕЗ, у якіх у вялікай колькасці жыхароў няма рахунку ў банку.

Безнаяўных плацяжоў стала ў два разы больш

Вэберайтэ сказала, што жыхары ўсё радзей дастаюць гаманец і абыходзяцца банкаўскімі картамі ці іншымі сродкамі безнаяўнага разліку.

«Новае апытанне жыхароў Літвы паказала, што ў 2023 г. 2/3 рэспандэнтаў аддавалі перавагу безнаяўнаму разліку. Колькасць безнаяўных плацяжоў за апошнія 5 гадоў (з 2019 г.) у Літве вырасла больш чым у два разы», – заўважыла яна.

«Паводле звестак чальцоў асацыяцыі, адзін кліент у сярэднім карыстаецца адной плацежнай картай. (...) Змяняюцца звычкі жыхароў – картамі ўсё часцей аплачваюць невялікія пакупкі і паслугі, напрыклад, плацяць за каву ў кавярні або за марозіва ў крамах. Картамі больш актыўна карыстаецца моладзь», – дадала яна.

Больш увагі аддаюць стратэгіям, арыентаваным на спажыўца

Паводле словаў Вэберайтэ, усё больш актыўна карыстаюцца іншымі спосабамі безнаяўнага разліку.

«Паводле звестак чальцоў асацыяцыі, 1/5 плацяжоў ажыццяўляецца бескантактавым спосабам – з дапамогай тэлефона ці іншага гаджэта. Банкі, якія дзейнічаюць у Літве, і крэдытныя уніі даюць жыхарам магчымасць карыстацца рознымі мабільнымі гаманцамі, напрыклад Google Pay, Apple Pay, Garmin, Fitbit і інш. Яны асабліва папулярныя сярод людзей у групе 19–30 гадоў», – заўважыла суразмоўца.

Акрамя таго, паводле ейных словаў, кампанія прымяняе стратэгіі, арыентаваныя на спажыўцоў – «набывай цяпер, плаці пазней» і інтэграваныя тэхналогіі фінансавых паслуг.

«Напрыклад, нефінансавыя арганізацыі Uber і Tesla ў экасістэму сваіх прадуктаў – сайт, дадатак – уключаюць фінансавыя паслугі», – заўважыла Вэберайтэ.

«Вы зараджаеце батарэю Teslа, яна аўтаматычна “звязваецца” з сістэмай Tesla, з якой спажывец злучаны сваёй аплатнай картай. Дастаткова прыехаць, падключыць/адключыць зарадную прыладу і ехаць далей. Іншы прыклад – Uber або іншыя паслугі падвозу. Спажыўцу даволі ўказаць мэту паездкі, пацвердзіць кошт, сесці ў машыну і ехаць. 5G і тэхналогіі інтэрнэту рэчаў даюць яшчэ больш магчымасцяў – лядоўня сама набывае неабходныя прадукты, а аўтамабіль плаціць за дарогу. Усё гэта арыентавана на карыстальнікаў, якія настроеныя на выкарыстанне зручных і інтэграваных лічбавых сістэмаў разліку», – сказала яна.

Паводле словаў Вэберайтэ, папулярнасць набіраюць плацяжы, заснаваныя на выкарыстанні біяметрычных звестак, калі для разліку патрэбныя адбіткі пальца ці твар.

Тэндэнцыя адмовы ад гатоўкі характэрная для многіх краінаў

Вэберайтэ заўважыла, што гэтыя тэндэнцыі адзначаюць у большасці краінаў свету.

«Згодна з падлікамі, за год з 2022 да 2023 года ў свеце колькасць плацежных картаў павялічылася на мільярд, а ў найбліжэйшыя некалькі гадоў іх колькасць павялічыцца яшчэ больш, чым на 3 мільярды», – сказала яна.

«Тэндэнцыя скарачэння разліку гатоўкай уласцівая большасці краінаў. На гэтым адбіваецца рост колькасці карыстальнікаў смартфонаў, лічбавыя паслугі ў сферы плацяжоў, папулярнасць мабільных гаманцоў, пераход бізнэсу ў лічбавую прастору, рост маштабаў электроннай камерцыі. У сусветным маштабе падлічана, што з 2023 да 2032 года рынак мабільных плацяжоў штогод будзе расці на яшчэ на 14,5%», – дадала суразмоўца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках