Беларусы будуць уязджаць у Еўразвяз паводле новых правіл
10- 11.09.2024, 8:42
- 33,240
Што зменіцца з 10 лістапада?
Праз два месяцы Еўразвяз плануе запусціць аўтаматычную сістэму рэгістрацыі ўезду і выезду на замежных межах Шэнгенскай зоны.
Адное з галоўных новаўвядзенняў - сістэма Entry Exit System (EES). Як толькі яна пачне працаваць, штампы ў пашпарты ставіцца больш не будуць, піша «Наша Ніва».
Новая сістэма кантролю ўезду/выезду (EES) павінна пачаць працу на ўсіх замежных межах ЕЗ з 10 лістапада 2024 года. Яе ўкараненне ўжо некалькі разоў адкладалася. Аб стварэнні EES дамовіліся яшчэ ў канцы 2017 года. Першапачаткова планавалася запусціць яе ў траўні 2022 года, затым тэрмін пераносілі на травень 2023-га і канец 2023 года.
Як гэта працуе?
Entry Exit System - аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі грамадзян дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз і прыбываюць з кароткатэрміновымі візітамі.
Сістэма прызначаная для замены традыцыйнай штампоўкі пашпартоў.
Пры кожным перасячэнні мяжы Шэнгенскай зоны падарожніку трэба будзе сканаваць пашпарт у спецыяльным электронным тэрмінале самаабслугоўвання. Апроч пашпарта, тэрмінал будзе сканаваць твар чалавека і адбіткі пальцаў.
Сістэма будзе рэгістраваць дату і месца ўезду/выезду, прозвішча, імя падарожніка і яго біяметрычныя звесткі. Звесткі ў сістэме будуць захоўвацца на працягу трох гадоў ад даты апошняй паездкі.
Новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на ўладальнікаў ДНЖ у адной з краін Еўразвязу, а таксама ўладальнікаў доўгатэрміновых віз (тып D).
Дзе будзе дзейнічаць новая сістэма?
EES будзе дзейнічаць ва ўсіх краінах ЕЗ, акрамя Кіпра і Ірландыі. Таксама сістэма будзе працаваць і ў чатырох краінах, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі Еўразвязу, але ўваходзяць у Шэнгенскую зону: Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія і Швайцарыя.
Новыя правілы ўводзяцца з мэтай узмацніць бяспеку на межах. Таксама сістэма аўтаматычна будзе выяўляць тых, хто прабыў у Шэнгене даўжэй за 90 ці 180 дзён (раней гэта даводзілася рабіць памежнікам).