Адзін з банкаў заклікаў беларусаў «запасціся гатоўкай»
2- 11.09.2024, 10:19
- 6,292
Не будуць працаваць карткі і праграмы.
Беларускі "БНБ-Банк" анансаваў хуткі пераход на новы працэсінгавы цэнтр і папярэдзіў аб шэрагу значных змен. У сувязі з гэтым, кліентам варта быць гатовымі да часовых нязручнасцяў, у тым ліку недаступнасць картак і дадаткаў у пэўныя дні, таму варта загадзя паклапаціцца пра гатоўку.
Як паведамілі ў прэс-службе банка, працэс пераходу будзе працяглым. Ужо 12 верасня ў аддзяленнях спыняць афармленне новых аплатных картак, а з 23:00 таго ж дня стане немагчымым зняцце гатоўкі з картак іншых банкаў у касах “БНБ-Банка”. Найбольшыя збоі чакаюцца ў пятніцу, 13 верасня.
Пачынаючы з 18:00 перастане працаваць большасць прадуктаў і сэрвісаў. Гэта значыць, што кліенты не змогуць аплаціць шэраг паслуг з дапамогай мабільнага дадатку “БНБ-Банка”. Гаворка ідзе аб плацяжах у сістэме АРІП, грашовых пераводах, выпуску лічбавых картак, аперацыях з крэдытамі і г.д. Больш за тое, ужо ў суботу, 14 верасня, беларусы не змогуць скарыстацца ўвогуле якімі-небудзь паслугамі ў аддзяленнях банка ва ўсёй краіне.
“У нядзелю, 15 верасня, запланавана яшчэ адно маштабнае адключэнне. Усе нашы пластыкавыя і лічбавыя карткі не будуць працаваць онлайн і офлайн, таму не забудзьцеся пры неабходнасці загадзя назапасіцца гатоўкай”, - параілі ў прэс-службе беларускага банка. Там дадалі, што банкаматы таксама часова перастануць абслугоўваць карты "БНБ-Банка".
Плануецца, што ўсё прыйдзе ў норму ў панядзелак, 16 верасня. У фінустановы паабяцалі "паэтапна аднавіць поўную і карэктную працу ўсіх сэрвісаў", за выключэннем выпуску аплатных картак Mastercard (для гэтага спатрэбіцца яшчэ два дні). У "БНБ-Банку" падкрэслілі, што ўсё гэта - "вымушаная мера", якая робіцца для таго, каб "быць бліжэйшымі да лічбавага офіса".