Трамп: Мігранты ў ЗША ядуць катоў і сабак
1- 11.09.2024, 10:49
- 5,970
Палітык заявіў пра гэта падчас дэбатаў з Камалай Гарыс.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональд Трамп падчас дэбатаў са сваёй апаненткай ад дэмакратаў Камалай Гарыс сцвярджаў, што імігранты ў амерыканскай глыбінцы "ядуць свойскіх жывёл".
«У Спрынгфілдзе яны ядуць сабак - людзі, якія прыехалі - яны ядуць катоў. Яны ядуць свойскіх жывёл мясцовых жыхароў», - сказаў Трамп.
Як паведамляюць журналісты, такія заявы Трампа, відаць, узніклі з віруснага відэа, якое выклаў у Сеціва жыхар Спрынгфілда (штат Агаё), дзе ён заявіў — маўляў, «імігранты ў гэтай суполцы забівалі качак з мясцовага парка дзеля ежы».
Непацверджанае і правакацыйнае відэа шырока распаўсюдзілася "правымі" сацсеткамі і неўзабаве ператварыўшыся ў вірусныя мемы з выявамі Трампа, згенераванымі штучным інтэлектам, у асяроддзі катоў і сабак - нібы ў спробе абараніць іх.
Дэвід М'юір, адзін з двух мадэратараў дэбатаў на канале ABC, імгненна запярэчыў Трампу.
«Вы згадалі Спрынгфілд, штат Агаё, і ABC News сапраўды звязаліся з гарадскім кіраўніком. Ён сказаў нам, што не было ніякіх дакладных паведамленняў аб канкрэтных заявах аб тым, што свойскія жывёлы былі параненыя, атрымалі калецтвы або зазналі гвалту з боку асоб з імігранцкай суполкі», - сказаў ён.
Увечары 10 верасня на амерыканскім тэлеканале ABC News адбылася трансляцыя першых дэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША Дональдам Трампам і Камалай Гарыс.
Як сведчыць апытанне, праведзенае кампаніяй SSRS для тэлеканала CNN, 63% амерыканцаў, якія глядзелі дэбаты і будуць галасаваць на выбарах прэзідэнта ЗША, мяркуюць, што Харыс перасягнула Трампа. 37% зарэгістраваных выбарцаў выказалі супрацьлеглае меркаванне.