Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі ў карцар
3- 11.09.2024, 13:28
- 5,284
Сваякі палітычнай зняволенай б'юць трывогу.
Актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітычную зняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі ў карцар у Гомельскім СІЗА. Пра гэта паведаміў сайту Charter97.org ейны муж Андрэй Шарэнда:
- Сёння стала вядома, што 9 верасня ў дачыненні да Паліны скончыліся так званыя следчыя дзеянні, якія доўжыліся цэлы тыдзень. Крымінальная справа поўнасцю закончаная, Паліне выставілі канчатковае абвінавачанне паводле артыкула 411 ч. 1 за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. У гэты ж дзень, 9 верасня, Паліну пазнаёмілі з матэрыяламі справы, гэта значыць, што неўзабаве яе перададуць у пракуратуру, а потым і ў суд горада Рэчыца, дзе яе будуць судзіць найбліжэйшыя некалькі месяцаў.
Паліну ўжо этапавалі з Рэчыцкага ІЧУ назад у Гомельскае СІЗА. Гэта чарговы вельмі цяжкі этап для яе, сур'ёзнае фізічнае і псіхалагічнае выпрабаванне. Адразу ж па прыбыцці ў СІЗА Паліну змясцілі ў карцар тэрмінам на 10 дзён, гэта чарговы здзек, улічваючы стан ейнага здароўя. Пры хранічным панкрэатыце ёй неабходна выконваць хаця б мінімальны рэжым дыеты, неабходна адпаведнае харчаванне. Зразумела, што ў карцары такіх умоў няма, туды нельга браць сваю ежу, а і без таго бедны турэмны рацыён моцна ўрэзаны.
Усё гэта выклікае ў нас вельмі вялікую трывогу пра стан ейнагаздароўя. Мы б'ём ва ўсе званы, Паліну трэба ратаваць любымі спосабамі.