Гіркіну адмовілі ў адпраўцы на вайну ва Украіну
8- 11.09.2024, 14:19
- 7,656
"Палкоўнікі" не патрэбныя.
Былому "міністру абароны ДНР" Ігару Гіркіну (Стралкову), які прысуджаны ў Расеі да чатырох гадоў калоніі ў справе аб закліках да экстрэмізму, двойчы адмовілі ў адпраўцы з калоніі на вайну ва Украіну.
“Тут даволі шмат людзей “узрадавалі” мяне паведамленнямі, што ў інтэрнэце паведамляецца аб тым, што я нібыта “падпісаў кантракт” на вайну. Зняпраўдзі гэта афіцыйна: паведамі, што я звяртаўся да прадстаўнікоў вайсковага камісарыяту, якія наведваюць ПК, але двойчы атрымаў адмову нават у прыняцці ад мяне заявы. Адзін раз - з тлумачэннем "палкоўнікі нам не патрэбныя" - нават артыкул у якасці матыву адмовы не згадвалі. Пакуль нічога ў гэтым плане не змянілася”, - цытуе ліст Гіркіна ягоная жонка Міраслава Рэгінская.
Раней пракрамлёўскі тэлеграм-канал SHOT пісаў, што Гіркін выходзіць з калоніі і адпраўляецца на вайну з Украінай. Тады паведамлялася, што адвакатам “экс-міністра абароны ДНР” удалося дабіцца адпаведнага дазволу ўсіх профільных ведамстваў, у выніку яму замянілі пазбаўленне волі на ваенную службу.
"Фактычна гэтае пытанне ўжо развязанае, застаўся толькі шэраг фармальнасцяў", – пісаў SHOT 6 верасня.
У той жа дзень гэтую інфармацыю зняпраўдзіла ягоная жонка:
“Інфармацыя аб тым, што Ігар Стралкоў выходзіць з калоніі і адпраўляецца на СВА, не адпавядае рэчаіснасці і з'яўляецца фэйкам. Абарона Ігара Іванавіча і ягоная сям'я не маюць такой інфармацыі”.