Еўракамісарка: ЕЗ зможа абысціся без расейскага газу, які ідзе праз Украіну
5- 11.09.2024, 18:12
- 3,476
Кантракт «Газпрама» і «Нафтагаза» аб транзіце газу ў ЕЗ заканчваецца ў канцы снежня сёлета.
Еўразвяз зможа абысціся без расейскага прыроднага газу, які пастаўляецца транзітам праз Украіну, заявіла еўракамісарка ў энэргетыцы Кадры Сімсан.
Паводле ейных словаў, «залежнасць» ЕЗ ад газу з Расеі знізілася з 45% у 2021-м да 15% летась. Еўракамісарка падкрэсліла, што ў Еўропе па-ранейшаму адданыя плану паэтапнай адмовы ад расейскага газу, «што можна зрабіць, не ставячы пад пагрозу энэргетычную бяспеку».
«У якасці першага кроку мы разам з дзяржавамі-сяброўкамі рыхтуемся да спынення дзеяння пагаднення аб транзіце газу праз Украіну. Мы робім гэта ўжо некалькі месяцаў. Мы пачалі падрыхтоўку два гады таму. ЕЗ гатовы жыць без гэтага расейскага газу, які паступае па ўкраінскім транзітным маршруце», – сказала яна.
Разам з тым Сімсан указала, што кошты энэрганосьбітаў у ЕЗ па-ранейшаму застаюцца занадта высокімі, што ўплывае на канкурэнтаздольнасць Еўропы, асабліва ў адносінах да Кітая і ЗША. «Мы шмат зрабілі для таго, каб знізіць кошты з піку 2022 года, але цяпер нам трэба заняцца структурнымі праблемамі. Я мяркую, што галоўны шлях – гэта далейшае павелічэнне тэмпаў разгортвання аднаўляльных крыніцаў энэргіі», – дадала еўракамісарка.
Увесну летась кіраўнік ЕК Уршуля фон дэр Ляен заявіла, што Еўразвяз пераадолеў залежнасць ад расейскіх нафты і газу.