У Японіі мужчыну арыштавалі за тое, што ён тэлефанаваў жонцы 100 разоў на дзень
11- 11.09.2024, 19:09
- 5,602
Ён растлумачыў, што не хацеў нічога дрэннага, а ўсяго толькі выказваў сваё каханне да жонкі.
У пачатку ліпеня 31-гадовай японцы пачалі паступаць загадкавыя званкі. Суразмоўца не вымаўляў ні слова, а толькі цяжка дыхаў у трубку. Заблакаваць яго жанчына не магла, бо нумар не адбіваўся. Жыхарка горада Амагасакі была вымушаная звярнуцца ў паліцыю, якая падчас расследаванняў прыйшла да нечаканага выніку. Сямейнай драмай падзялілася выданне Sora News.
Да таго як звярнуцца па дапамогу, дзяўчына нейкі час трывала: пункт кіпення наступіў, калі колькасць званкоў за дзень пераваліла за сотню. Адзіны плюс быў у тым, што тэлефон маўчаў уначы. Пазней гэтаму знайшлося тлумачэнне, бо яе муж у гэты час знаходзіўся побач – менавіта ён і быў сталкерам.
Сам мужчына растлумачыў, што не хацеў нічога дрэннага, а ўсяго толькі выказваў сваё каханне да жонкі з дапамогай маўчання. Цяпер ён арыштаваны паводле абвінавачання ў пераследзе.
Паліцыя правінцыі адзначыла, што гэта першы выпадак у іхняй практыцы арышту мужчыны за пераслед жонкі ў той час, калі яны ўсё яшчэ жывуць разам.