Расея размясціла два карветы «Буян-М» побач з дачай Пуціна
4- 12.09.2024, 11:15
- 10,342
Аналітыкі раскрылі мэту аперацыі.
Расейскае вайскова-марское камандаванне размясціла два ракетныя карветы класа «Буян-М» на Ладажскім возеры, недалёка ад мяжы з Фінляндыяй. Карветы знаходзяцца ўсяго ў 30 мілях ад Фінляндыі, на такой жа адлегласці размешчаная адна з рэзідэнцый прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Гэта было зафіксавана 8 верасня OSINT-рэсурсам MT Anderson з адпаведнымі спадарожнікавымі здымкамі Sentinel-2.
Як адзначылі аглядальнікі Bulgarian Military, размяшчэнне карветаў на Ладажскім возеры можна разглядаць як адказ на рост напружанасці паміж Расеяй і NATO, асабліва пасля ўступлення Фінляндыі ў альянс у красавіку 2023 года. Гэтае размяшчэнне дазваляе Расеі дэманстраваць сваю вайсковую моц у непасрэднай блізкасці ад межаў Фінляндыі - новага чальца NATO.
Караблі, абсталяваныя крылатымі ракетамі «Калібр», узмацняюць абараназдольнасць рэгіёну і служаць напамінам аб гатоўнасці Расеі абараняць свае інтарэсы. А Ладажскае возера дае расейскаму флоту выдатнае месца для назірання за дзеяннямі NATO ў Паўночнай Еўропе.
Блізкасць да Фінляндыі дазваляе Маскве кантраляваць абстаноўку і ціснуць на суседнія краіны, пасылаючы выразны сігнал аб тым, што расейскія вайсковыя сілы гатовыя да аператыўнага рэагавання на розныя пагрозы.
Аналітыкі таксама адзначылі, што размяшчэнне карветаў класа «Буян-М» на Ладажскім возеры - гэта не толькі вайсковы, але і палітычны сігнал. Акрамя таго, іх блізкасць да дачы Пуціна падкрэслівае намер Крамля засцерагчы аб'екты вышэйшага кіраўніцтва краіны.
Між тым у каментарах да апублікаваных здымкаў гаворыцца, што размяшчэнне баявых караблёў можа быць звязанае з прысутнасцю Пуціна ў раёнах Ладажскага возера.
Такім чынам, размяшчэнне карветаў «Буян-М» на Ладажскім возеры - гэта крок, які спалучае ў сабе як геапалітычныя, так і вайсковыя мэты. Гэта сімвалічны і практычны элемент расейскай стратэгіі стрымлівання ў Паўночнай Еўропе.