21 снежня 2024, Субота, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспарт расейскай нафты абрынуўся да трохгадовага мінімуму

Экспарт расейскай нафты абрынуўся да трохгадовага мінімуму

Праз нежаданне Кітая яе набываць.

Экспарт расейскай нафты ўпаў у жніўні да ўзроўню 2021 года, туды ж у верасні апусціліся і сусветныя кошты. Дружалюбны Крамлю Кітай закладвае бомбу пад расейскі бюджэт: яму ўжо не трэба столькі нафты, як раней, а іншых яе пакупнікоў (за выключэннем Індыі) у Расеі практычна няма, паведамляе The Moscow Times.

Сярэднедзённы расейскі экспарт нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі знізіўся ў жніўні другі месяц запар, скараціўшыся ў параўнанні з ліпенем на 290 000 барэляў да 7 млн барэляў; гэта самы нізкі ўзровень з сакавіка 2021 г., паведаміла Міжнароднае энэргетычнае агенцтва (МЭА) у штомесячнай справаздачы. Амаль усё падзенне (270 000 барэляў), якое МЭА называе «незвычайна глыбокім», прыпала на сырую нафту.

Праз развязаную Уладзімірам Пуціным вайну ва Украіне ў Расеі засталіся фактычна толькі два пакупнікі яе нафты - Індыя і Кітай, і яны скарацілі закупы. Пастаўкі ў Індыю ўпалі ў жніўні на 14,5% (310 000 барэляў за дзень), паведамляла выданне The Indian Express са спасылкай на звесткі Kpler. Гэта шмат у чым звязанае з планавым рамонтам на індыйскіх НПЗ у жніўні-верасні, у кастрычніку яны павінны вярнуцца на традыцыйны ўзровень загрузкі, чакае дырэктар па аналізе рынку сырой нафты Kpler Віктар Катона.

Паводле інфармацыі Мытнай управы Кітая, ён у ліпені (апошнія звесткі) атрымліваў з Расеі па моры і трубаправодах 1,76 млн барэляў на дзень: гэта на 14,1% менш, чым у чэрвені, і на 7,4% - чым годам раней.

Калі скарачэнне імпарту Індыяй носіць сезонны характар, то ў выпадку з Кітаем адлюстроўвае фундаментальныя змены ў яго эканоміцы і з'яўляецца галоўным фактарам, які вызначыў нізкі сусветны попыт на нафту і падзенне яе коштаў у апошнія тыдні, зазначае МЭА. Спажыванне нафты Кітаем упала ў ліпені чацвёрты месяц запар, падзенне сталася больш значным, чым чакалася, і «зараз скарачэнне попыту стала ўстойлівым трэндам».

У ліпені яно склала 1,7% (280000 барэляў на дзень) у параўнанні з тым жа месяцам годам раней, тады як у 2023 г. спажыванне вырасла на 9,6%. За гэты год МЭА чакае росту попыту ў Кітаі ўсяго на 1,1% (180 000 барэляў на дзень), праз што ў свеце ён павялічыцца толькі на 900 000 барэляў у 2024 г. і на 950 000 - у 2025 г. (супраць 2,1 млн у 2023 г.). «Паслабленне попыту справакавала значнае падзенне на нафтавых рынках. Ф'ючэрсы на нафту маркі Brent упалі з больш чым $82 за барэль у пачатку жніўня да амаль трохгадовых мінімумаў на ўзроўні, крыху ніжэйшыя за $70 за барэль 11 верасня», – гаворыцца ў справаздачы.

«Brent рашуча выйшла з дыяпазону $70-90, у якім таргавалася цягам 20 месяцаў з канца 2022 г.», – адзначылі аналітыкі БКС.

Попыт кітайскай эканомікі на нафту і нафтапрадукты падае практычна ва ўсіх сектарах, дзе яны выкарыстоўваюцца, што тлумачыцца як моцным запаволеннем тэмпаў яе росту і крызісам на рынку нерухомасці, так і радыкальнымі зменамі ў энэргабалансе. Больш за палову аўтамабіляў, прададзеных у Кітаі ў ліпені і жніўні, былі электрычнымі, а значная частка новых грузавікоў зараз працуе на прыродным газе. «Мы мяркуем, што толькі сёлета гэтыя змены скароцяць попыт на нафту на 400 000 барэляў за дзень», – піша МЭА.

Развіццё сеткі высакахуткасных чыгунак падрывае попыт на авіяцыйнае паліва, а крызіс на рынку нерухомасці - на газойль (лёгкае дызельнае паліва, якое ў асноўным выкарыстоўваецца ў будаўнічым абсталяванні і транспартаванні матэрыялаў) і нафту (праз скарачэнне вытворчасці пластыкавых вырабаў, якія выкарыстоўваюцца ў будынках).

Удзельнікі рынка пераглядаюць прагнозы наконт коштаў нафты. Аналітыкі Citigroup параілі інвестарам прадаваць пры кожным скоку цэн, якія, на іх думку, налета апусцяцца да $60 за барэль праз «прыстойны лішак» нафты на сусветным рынку. На таргах у чацвер барэль Brent каштаваў $71,5 за барэль.

З пачатку года да канца жніўня сярэдні кошт Brent склаў $82,9. Morgan Stanley на мінулым тыдні знізіў прагноз сярэдняй цаны ў IV квартале 2024 г. да $75 з $80 за барэль. У жніўні ён ужо паніжаў адзнаку з $85.

Падзенне коштаў нафты можа нанесці па расейскім бюджэце ўдар, якога сёлета не змаглі дабіцца сваімі санкцыямі заходнія краіны. Устаноўленая імі столь $60 за барэль расейскай нафты на практыцы ўжо не дзейнічае: ценявы флот вывозіць яе больш высокімі коштамі. Але «больш нізкія аб'ёмы і кошты ў сукупнасці прывялі да скарачэння даходаў ад экспарту [нафты і нафтапрадуктаў у жніўні] на $1,6 млрд да ліпеня - да $15,3 млрд», адзначае МЭА. Гэта на $2,4 млрд менш, чым годам раней, і мінімум з ліпеня 2023 г. Траплянне коштаў Brent у дыяпазон $60-70 за барэль прывядзе да падзення каціровак расейскіх гатункаў (з улікам дысконту) да ўзроўню коштавай столі ці нават ніжэй.

Ва ўрадзе Расеі пачалі рыхтавацца да падзення попыту на экспартныя тавары і кошты. Ён створыць рызыкі для экспартаарыентаваных галін і бюджэту (перш за ўсё ў частцы нафтагазавых даходаў), зазначаецца ў прагнозе Мінэканамразвіцця.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках