Вядучыя сусветныя кампаніі і сэрвісы заявілі аб выхадзе з расейскага рынку
23- 12.09.2024, 19:36
- 29,566
Google, Microsoft і Notion.
У чацвер, 12 верасня, вядучыя сусветныя кампаніі і сэрвісы абвясцілі аб выхадзе з расейскага рынку і ўвядзенні новых абмежаванняў для РФ. Сярод іх – Google, сэрвісы Slack і Notion.
Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны (МЗС).
Як адзначылі ў МЗС, з 12 верасня сусветныя кампаніі ўвялі такія захады:
Кампанія Google заблакавала рэгістрацыю новых старонак з расейскімі нумарамі і пазбавіла расейскіх блогераў магчымасці атрымліваць прыбытак праз AdSense.
Atlassian, Jira, Trello і Confluence абвясцілі аб поўным выхадзе з расейскага рынка.
Сэрвіс Notion, які выкарыстоўваюць для арганізацыі працы і кіравання праектамі, таксама з 12 верасня недаступны ў Расеі.
Сэрвіс Miro не будзе абслугоўваць расейскіх і беларускіх карыстальнікаў.
Кампанія Microsoft будзе адключаць расейскіх карыстачоў ад сваіх хмарных сэрвісаў.
Сэрвіс Slack таксама выходзіць з расейскага рынка.
Сістэмы CAD, Autodesk выйшлі з Расеі, а SAP і Oracle пакінулі ERP-рынак краіны.
У МЗС адзначылі, што ў лістападзе 2022 года санкцыйная група Ермака-Макфола прапанавала IT-санкцыі супраць Расеі.
9 верасня паведамлялася, што расейскія інтэрнэт-карыстальнікі пачалі скардзіцца на немагчымасць стварыць новы Google-акаўнт, які выкарыстоўваецца для доступу ў электронную пошту Gmail і анлайнавыя сэрвісы кампаніі.
12 верасня набылі моц антырасейскія санкцыі, уведзеныя ЗША ў чэрвені 2024 года. Краіна, у якой базуецца нямала буйных тэхналагічных кампаній, забараніла надаваць карыстальнікам з Расеі паслугі ў сферы ІТ і праграмнага забеспячэння. Гаворка ідзе аб ІТ-кансультацыях, паслугах па праектаванні, IT-падтрымцы, хмарных паслугах і таму падобнае.