12 верасня 2024, Чацвер, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай забараніў сваім аўтаканцэрнам будаваць заводы ў Расеі

1
Кітай забараніў сваім аўтаканцэрнам будаваць заводы ў Расеі

У Пекіне не хочуць рызыкаваць сваімі грашыма.

Надзеі Расеі наладзіць на ўнутраным рынку вытворчасць аўтамабіляў з дапамогай кітайскіх кампаній, хутчэй за ўсё, так і застануцца спадзяваннямі. У Пекіне не хочуць, каб аўтавытворцы рызыкавалі сваімі грашыма ў такіх краінах, як Расея.

«Мы вітаем супрацоўніцтва з кітайскімі сябрамі і ў сферы вытворчасці аўтамабіляў, дзе кітайскія сябры дамагаюцца відавочных, цалкам відавочных поспехаў і пераваг у канкурэнтнай барацьбе... Мы вітаем супрацоўніцтва і будзем развіваць далей», – гаварыў у траўні Уладзімір Пуцін. Кітайцы няўхільна нарошчваюць дзель у продажах новых аўтамабіляў у Расеі (у жніўні яны, паводле звестак «Автостата», склалі рэкордныя 90000 машынаў), але асаблівага жадання развіваць вытворчасць не дэманстравалі.

Тым больш ім будзе складана не паслухацца ўласных чыноўнікаў. Міністэрства гандлю Кітая на нарадзе, якая адбылася ў пачатку ліпеня, папярэдзіла аўтавытворцаў пра рызыкі, звязаныя з інвестыцыямі за мяжой, расказалі Reuters два абазнаныя аб гэтым чалавекі. Кітайскія кампаніі імкнуцца да міжнароднай экспансіі з мэтай кампенсаваць запаволенне росту на ўнутраным рынку. Але экспансія ад экспансіі розніцца, мяркуюць у Пекіне.

Супрацоўнікі Мінгандлю, спасылаючыся на распараджэнне ўраду, «настойліва не рэкамендавалі» інвеставаць у будаўніцтва заводаў у Расеі і Турцыі, не дазволілі ўкладвацца ў Індыю, але ў больш мяккіх выразах апісалі рызыкі працы ў Еўропе і Тайландзе, расказаў адзін з суразмоўцаў Reuters.

Каб знізіць магчымыя рызыкі праз геапалітычныя праблемы, чыноўнікі рэкамендавалі выкарыстоўваць замежныя заводы для адкруткавай зборкі з кампанентаў, дастаўленых з Кітая.

Кітайцы не выратуюць

Расейскі аўтапрам перажыў катастрафічны абвал у выніку развязанай Уладзімірам Пуціным вайны ва Украіне. Праз спыненне заводаў замежных вытворцаў, якія пакінулі Расею, выпуск у 2022 г. упаў утрая да мінімуму з распаду СССР: з канвеераў сышло ўсяго 450 000 легкавых аўтамабіляў. Праз праблемы з камплектавальнікамі нават АўтаВАЗ спыняўся на некалькі месяцаў. Між тым у перадваенным 2021 г. на заводах кампаній, якія потым сышлі, было зроблена больш за 70% з 1,34 млн выпушчаных у краіне аўтамабіляў. Глабальным аўтаканцэрнам належала 10 з 21 аўтазавода, які працаваў у краіне, а яшчэ шэсць, уключаючы «АўтаВАЗ» і «Аўтатор», збіралі іх мадэлі.

«Пакуль складана сказаць, як [пазіцыя ўраду Кітая] адаб'ецца на ўжо запушчаных або запланаваных праектах, але ўсе яны – зборка на ўжо існых прадпрыемствах, у партнёрстве з расейскімі кампаніямі, за выключэннем запушчанага ў 2019 г. завода Great Wall Motor для выпуску аўтамабіляў Haval у Тульскай вобласці. Гэта таксама зборка, але з самай высокай ступенню лакалізацыі, плюс належыць ён самай кітайскай кампаніі», – сказаў The Moscow Times расейскі аўтамабільны эксперт.

Рэкамендацыі кітайскіх чыноўнікаў могуць паставіць крыж на планах Chery Automobile прынамсі тых, пра якія ў жніўні расказаў Уладзімір Шмакаў, гендырэктар дыстрыбутара «Чэры аўтамабілі рус». «Галоўны офіс [Chery] вядзе інтэнсіўныя перамовы з шэрагам вытворцаў расейскіх на прадмет магчымасці лакалізацыі», паведаміў ён. Праўда, размовы пра канкрэтныя пляцоўкі і партнёраў Шмакаў назваў «заўчаснымі».

Расея не цікавая

Але і да рэкамендацыі ўладаў кітайскія аўтаканцэрны не імкнуліся развіваць вытворчасць у Расеі, абмяжоўваючыся зборкай сваіх мадэляў на вызваленых пасля сыходу заходніх канцэрнаў магутнасцях. На былым заводзе французскай Renault Аўтафрамас у Маскве, якому вярнулі савецкую назву Масквіч, у 2022 г. пачалі выпускаць метадам буйнавузлавой зборкі клоны кітайскіх красовераў JAC (план на гэты год 50 000 машынаў).

Заводы, якія спыніліся, спрабуюць дамовіцца з кітайцамі, але гэта мала ў каго атрымліваецца.

«У Кітая і так праблемы са збытам таго, што яны ў сябе вырабляюць (свой рынак расце павольней, чым яны думалі, ЗША і ЕЗ абмяжоўваюць – не хочуць патрапіць у залежнасць). Навошта яму будаваць заводы ў Расеі?» – разважаў прафесар ВШЭ Алег Уюгін.

Буйное прадпрыемства – гэта сотні мільёнаў інвестыцый у далярах, а значыць – гучны праект, які раздражняе Захад і павышае рызыку другасных санкцый, сказаў The Moscow Times топ-мэнэджар буйной аўтагандлёвай кампаніі, у партфелі якой, як і ў яе канкурэнтаў, засталіся толькі кітайскія маркі. Паводле ягоных словаў, кітайцы шукаюць кааперацыі з расейскімі партнёрамі ў стварэнні зборачных вытворчасцяў, з якіх у выпадку чаго «лёгка ўстаць і сысці». Буйную ж вытворчасць кітайцам прасцей стварыць у краіне Еўразійскага мытнага звязу і вазіць у Расею машыну адтуль, няхай нават і з утылізацыйным зборам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках