У Менску кіроўцам дадуць бясплатны праезд у грамадскім транспарце
4- 12.09.2024, 21:31
- 6,706
Калі?
У Менску кіроўцам дадуць бясплатны праезд у грамадскім транспарце 22 верасня, піша БелТА.
Гэта звязана з правядзеннем акцыі «Дзень без аўтамабіля: Беларусь за чыстае паветра», у рамках якой у нядзелю, 22 верасня, Менсктранс і Менскі метрапалітэн дадуць права бясплатнага праезду кіроўцам у грамадскім транспарце пры прад'яўленні пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
Дарэчы, у 2023-м правам бясплатнага праезду ў метро ў Дзень без аўтамабіля скарысталіся больш за 12 тысячаў чалавек.
– Думаю, бясплатным праездам у грамадскім наземным транспарце скарысталася не меншая колькасць грамадзянаў, – адзначыў старшыня Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка.
Яшчэ традыцыйна ў Дзень без аўтамабіля правядуць акцыю «На працу на ровары», калі раварыстам будуць бясплатна раздаваць садавіну ў чатырох пунктах горада: каля ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад НАН, каля «Менск-Арэны» на баку веладарожкі, на вуліцы Прытыцкага каля будынкаў 27–29, а таксама каля шматузроўневага паркінга на праспекце Дзяржынскага, 13.