21 снежня 2024, Субота, 20:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Псіхічная хвароба Лукашэнкі прагрэсуе

24
Псіхічная хвароба Лукашэнкі прагрэсуе

Дыктатару ўжо не стае падлабуньвання ад акружэння.

Манія велічы ў Аляксандра Лукашэнкі прагрэсуе. Напярэдадні правадыр Беларусі заявіў, што ягоную палітыку падтрымліваюць 99% грамадзян... Польшчы.

Такога рэйтынгу ў Лукашэнкі і блізка ніколі не было нават паводле версіі Цэнтрвыбаркама імя Лідзіі Ярмошынай. Але чым больш старэе дыктатар, тым большае запатрабаванне адчувае ў ліслівасці, уключаючы самаўсхваленне.

- Я не хачу сказаць, што з усімі палякамі ў Польшчы ў нас бліскучыя стасункі, але 99% палякаў разумеюць нашу палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе.

Лічба гэтая з мілых сэрцу Лукашэнкі брэжнеўскіх часоў. Тады, паводле афіцыйнай інфармацыі, на кожных выбарах у СССР больш за 99% выбарцаў нязменна «галасавалі» за «блок камуністаў і беспартыйных».

І пра што б ні ішла размова, Лукашэнка імкнецца прыпісаць сабе галоўную ролю. Варта было на сустрэчы дыктатара з прадстаўнікамі дыяспар аднаму з удзельнікаў згадаць пра фест нацыянальных культур у Гародні, як тут жа высветлілася:

- Я захоплены гэтым фэстам, калісьці яго ствараў, ініцыяваў.

(Так занураны, што ні на адным з папярэдніх 14-ці не пабыў)

Потым выявілася, што Лукашэнка «ашчаслівіў» яшчэ і ўкраінскі народ. Паводле версіі дыктатара, менавіта ён развязваў пытанні з Масквой у інтарэсах Кіева, нягледзячы на тое, што адным з ініцыятараў распаду СССР быў прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук.

- Навошта было раскідваць краіну? Вядома, у Крамлі гэта варушэнне пачыналася. Але мы (у вас - Краўчук, у нас - Шушкевіч) проста рукі паціралі: толькі вось незалежнасць, адарвацца ад Расеі і іншае, - заявіў Лукашэнка.

(Вельмі паказальна, што, нават узначальваючы больш за 30 гадоў Беларусь, дыктатар працягвае шкадаваць, што яна стала незалежнай дзяржавай!)

Цяпер Лукашэнка сцвярджае, што менавіта ён тады пераканаў кіраўніцтва Расеі ўзяць адказнасць за тыя падзеі і прадоўжыць падтрымку не толькі Беларусі, але і Украіны, у тым ліку таннымі энэргарэсурсамі. Так што ў абсалютна ўсіх падзеях правадыр прыпісвае сабе цэнтральную ролю.

Колькі б элементаў вышэйшага падлабуньвання ні выконвалі падначаленыя, Лукашэнку ўсё адно мала. Усё даводзіцца рабіць самому…

Васіль Верас, «Cалідарнасць»

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках