Сярэдні чэк у беларускіх сэканд-хэндах падвысіцца?
- 13.09.2024, 10:29
- 2,260
Але Беллегпраму гэта наўрад ці дапаможа.
З 1 кастрычніка ЕЗ уводзіць забарону на ўвоз у Беларусь адзення сэканд-хэнд. Ці значыць гэта, што для Беллегпрама надыдуць залатыя часы, высвятляла Deutsche Welle.
У чэрвені ЕЗ распаўсюдзіў на Беларусь некаторыя санкцыі, прынятыя раней супраць Расеі. Уведзеная забарона на ўвоз у РБ больш за 400 катэгорый тавараў, у тым ліку "адзення і іншых вырабаў, якія былі ва ўжыванні". Забарона на экспарт сэканд-хэнду пачне дзейнічаць з 1 кастрычніка.
Еўрапейскія санкцыі пракаментавалі ў беларускім МЗС. Там абвінавацілі еўрапейскіх чыноўнікаў у цынізме, бо сэканд-хэнд карыстаецца попытам "перш за ўсё ў малазабяспечаных грамадзян". У той жа час у ведамстве запэўнілі, што "беларускі легпрам прапануе сёння найшырэйшы асартымент якасных тавараў — на ўсялякі густ і партманэт".
"Акрамя таго, імпарт з прыязных краін таксама ніхто не адмяняў", - гаворыцца ў заяве.
Ці прывядуць еўрапейскія санкцыі да закрыцця сэкандаў у РБ? Ці стануць беларусы часцей набываць айчыннае? І ці чакаць росквіту Беллегпрама? Разбіралася Deutsche Welle.
35% продажаў адзення і абутку ў Беларусі прыпадае на сэканд-хэнд
- Пакуль усё працуе. Людзі, як звычайна, прыходзяць, пакуль нічога не памянялася, — расказвае DW мянчанка Вольга. Спадарыня зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і ў вольны час часта бывае ў крамах сэканд-хэнд.
- Хочацца нешта цікавае знайсці. Дзіцяці купляю шмат усяго, нават не з мэтай эканоміі, мне якасць больш падабаецца, чым у звычайных крамах, - кажа Вольга.
Суразмоўніца прызнаецца, што рэдка набывае рэчы беларускай вытворчасці. Яе часта не задавальняе ні якасць, ні кошт тавараў:
- За такія грошы я не гатовая купляць беларускае.
Многія беларусы, як і Вольга, купляюць тавары ў крамах сэканд-хэнд. Паводле звестак Белстата, 35% продажаў адзення і абутку ў Беларусі прыпадае на сэканд-хэнд.
- У маленькіх пасёлішчах часам гэта адзіная крама адзення, - адзначае прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў. Ён таксама звяртае ўвагу, што на 2022 год у Беларусі было больш за 1,5 тысячы крам сэканд-хэнд. Сёння, паводле непацверджанай інфармацыі, з улікам інтэрнэт-крам — амаль 2,5 тысячы.
У той жа час, адзначае Сакалоў, беларуская лёгкая прамысловасць прадстаўлена ўсяго толькі 738 крамамі. Суразмоўца DW мяркуе, што нават калі Беллегпрам заяўляе аб высокай якасці сваёй прадукцыі, то саступае таварам сэканд-хэнд у кошце. Паводле слоў Сакалова, праз састарэлыя прамысловыя тэхналагічныя падыходы сабекошт беларускай прадукцыі выходзіць занадта высокі.
Сакалоў мяркуе, што ўладам у РБ хацелася б, каб сэканды зніклі, але цалкам закрыць такія крамы яны не могуць, таму што пакупніцкая здольнасць насельніцтва невысокая — беларусы "не могуць дазволіць сабе адзявацца ў Беллегпраме".
Сярэдні чэк падвысіцца?
На ягоную думку, нават калі тавараў сэканд-хэнд праз санкцыі у Беларусі стане менш, людзі хутчэй аддаюць перавагу больш таннаму і моднаму кітайскаму або турэцкаму адзенню.
Таксама ён не выключае, што зараз сэканд-хэнд будзе паступаць з паралельным імпартам праз "прыязныя" Беларусі краіны.
Такой жа думкі прытрымліваецца і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Настасся Лузгіна. Яна таксама прагназуе рост паставак еўрапейскага сэканд-хэнда з трэціх краін.
- Асноўны эфект, які, хутчэй за ўсё, мы ўбачым, - сярэдні чэк падвысіцца за кошт таго, што лагістыка ўскладніцца. Плюс да гэтага больш складана будзе працаваць дробным крамам. Колькасць саміх сэканд-крам у Беларусі, як мяркуецца, можа знізіцца ў сувязі з гэтымі абмежаваннямі, - кажа Лузгіна.
Эканамістка таксама сумняваецца, што еўрапейскія санкцыі дапамогуць Беллегпраму.
— Калі б сэканды цалкам былі б зачыненыя, то гэта, магчыма, падзейнічала б станоўчым эфектам для лёгкай прамысловасці Беларусі. Але ў бягучай сітуацыі гэта наўрад ці магчыма, - кажа Лузгіна.
Ці хвалююць санкцыі ЕЗ уладальнікаў сэкандаў?
Саміх уладальнікаў крам санкцыі ЕЗ таксама не асабліва хвалююць. DW паразмаўляла з Андрэем (імя зменена. - Заўв. рэд.), уладальнікам стоку, «зробленага пад сэканд-хэнд». Паводле слоў мужчыны, з-за таго, што ў Беларусі ўведзеная абавязковая сертыфікацыя тавараў, якія паступаюць з-за мяжы, большасць стокавых крам паводле дакументаў лічацца сэканд-хэндамі. Адзенне сэканд-хэнд увозяць паводле іншых норм, кожную рэч сертыфікаваць не трэба. Выключна ўжываным адзеннем, са слоў Андрэя, у Беларусі займаюцца толькі буйныя сеткі крам сэканд-хэндаў.
Суразмоўца падкрэслівае, што санкцыі прадпрымальнікаў не турбуюць. Усе працуюць праз пастаўшчыкоў, якія "аб'едуць праз Казахстан, Узбекістан, Турцыю". Кошты ў крамах, паводле ягоных слоў, калі і вырастуць, то нязначна, таму што рэчы вязуць дзясяткамі тон, што скарачае выдаткі на транспарт.