«Лукашэнка стварае непрыемнасці для Пекіна»
3- 14.09.2024, 22:02
- 12,726
Палітолаг аб цяперашнім узроўні дачынненняў паміж Кітаем і беларускім рэжымам.
У чэрвені КНР адклала пастаўку ў Беларусь 15 новых грузавых электравозаў БКГ2, якія павінны былі быць пастаўлены яшчэ напрыканцы 2023 года. Тады паведамлялася, што новыя тэрміны паставак перанесены на 2025-26 гг. Аднак нядаўна з'явілася інфармацыя, што Кітай увогуле адмовіўся пастаўляць у Беларусь гэтыя цягнікі праз асцярогу траплення пад санкцыі ЗША.
Як гэтая сітуацыя характарызуе цяперашні ўзровень дачыненняў паміж Кітаем і рэжымам Лукашэнкі? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў у беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца:
- У канцы жніўня ў Беларусі быў прэм'ер-міністр Кітая, гэта такі, я б сказаў, важны візіт. Відавочна, што Пекін разглядае Беларусь як зону для свайго ўваходу на еўрапейскі рынак. У гэтай сітуацыі для Кітая важна, каб Беларусь была такім стабільным рэгіёнам, які адчыняе лагістычную браму для ўваходу кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак.
Дзеянні, якія робіць Лукашэнка ў дачыненні да суседніх краін, з'яўляюцца для Кітая пэўнай пагрозай і ставяць пад удар лагістычныя камунікацыі, маршруты і гэтак далей. У гэтай сітуацыі за апошнія чатыры гады менскі рэжым стварыў для Пекіна шмат дыскамфортных выпадкаў, у тым ліку адносна тых праектаў, якія Кітай планаваў рэалізаваць у Беларусі. Некаторыя з іх апынуліся ў падвешаным стане, некаторыя былі сарваныя па тэрмінах рэалізацыі, напрыклад - будаўніцтва калійнага камбіната ў Любаньскім раёне, шэраг іншых кірункаў.
У гэтым плане Лукашэнка для Кітая не з'яўляецца сёння камфортным партнёрам для нейкага бізнэсу. Любыя санкцыі, якія ўводзяцца ў дачыненні да Беларусі, ствараюць для Пекіна пэўныя непрыемнасці. Для Кітая з гэтага пункту гледжання выгадна было б, каб Лукашэнка сышоў, а прыйшоў нейкі больш разумны чалавек, які мог бы наладжваць больш прагматычныя дачыненні.
Лукашэнка ж разлічвае, што Кітай будзе яго асноўным партнёрам і хаўруснікам. Але пры гэтым, мяркую, што Беларусь для Кітая важная ўсё ж не з пункту гледжання нейкіх эканамічных, гандлёвых дачыненняў, а менавіта з пункту гледжання лагістыкі. Гэта першае, што бачыць Кітай, гледзячы на мапу, што маршруты, якія праходзяць праз Беларусь, павінны быць бяспечнымі. Гэта тое, што ўплывае на якія-небудзь іншыя дачыненні і камунікацыю.
Калі Лукашэнка з'яўляецца пагрозай для такіх камунікацый, дык, напэўна, Кітай будзе імкнуцца да таго, каб ён пакінуў сваю пасаду. У тым ліку - уплываючы на хаўруснікаў Лукашэнку, на Пуціна, для якога Кітай сёння таксама з'яўляецца вельмі важным партнёрам. Таму ўплыў Кітая на будучую выбарчую кампанію будзе вельмі высокі. Пазіцыя Пекіна па рашэнні Лукашэнкі (ці кагосьці іншага) у «выбарах» можа мець важнае значэнне для далейшага развіцця палітычнай абстаноўкі ў Беларусі.