Палякі Пенсільваніі могуць вызначыць, хто стане прэзідэнтам ЗША
4- 15.09.2024, 11:50
- 9,558
Як так атрымалася?
Перамога ў Пенсільваніі практычна гарантуе кандыдату перамогу ў ЗША агулам. Як паказваюць вынікі, разрыў паміж кандыдатамі ў гэтым штаце складае блізу 1%. А этнічных палякаў з правам голасу - 6%, і яны не маюць сімпатыі да канкрэтнай партыі.
На цікавы эпізод, які здарыўся падчас дэбатаў Гарыс і Трамп і можа паўплываць на вынікі выбараў, звярнуў увагу палітычны аналітык Іван Прэабражэнскі.
Падчас прамовы пра вайну ва Украіне Камала Гарыс заўважыла, што наступнай мэтай Пуціна можа стаць Польшча. І нагадала, што 800 тысяч жыхароў Пенсільваніі - этнічныя палякі.
Няма ніякіх сумневаў, што гэтая заўвага была загадзя падрыхтаваная штабам прэтэндэнткі. Але чаму такая ўвага да палякаў Пенсільваніі?
У большасці штатаў перамога дэмакратаў ці рэспубліканцаў прадвызначаная. Барацьба ідзе найперш за тыя штаты, якія вагаюцца. І менавіта Пенсільванію эксперты называюць самай важнай. Мяркуецца, што выйгрыш у гэтым штаце амаль на 100% гарантуе перамогу і агулам у краіне.
Згодна з мадэллю прагназавання выбараў палітычнага аналітыка Нейта Сільвера, Пенсільванія мае 35% імавернасці паўплываць на вынікі выбараў, што значна больш, чым у кожнага іншага з вагальных штатаў. Калі Гарыс пераможа ў Пенсільваніі, у яе будзе 91% шанцаў на перамогу на выбарах, тады як у Трампа - аж 96%. Таму і Трамп, і Гарыс вядуць у гэтым штаце самыя актыўныя кампаніі.
Насельніцтва Пенсільваніі - 13 мільёнаў чалавек. З іх этнічныя палякі складаюць 800 тысяч, ці 6%. У адрозненне ад іншых груп насельніцтва, яны больш актыўна ходзяць на выбары. Сярод удзельнікаў галасавання іх кожны дзясяты.
Аналітыкі зважаюць, што ў 2016 і 2020 гадах розніца ў пададзеных галасах за кандыдатаў агулам па краіне была вельмі маленькая. Так, Трамп у 2016-м перамог з адрывам усяго 0,7%, а Байдэн у 2020-м - 1,1%. Таму 10% галасоў палякаў Пенсільваніі могуць лёгка змяніць вынік.
Асаблівасць сітуацыі ў тым, што этнічныя палякі не з'яўляюцца яўнымі прыхільнікамі адной партыі. У мінулым яны галасавалі як за дэмакратаў (Кэнэдзі, Клінтана, Абаму), так і за рэспубліканцаў (Ніксана, Рэйгана, Буша-старэйшага і Буша-малодшага).
Іх выбар часта залежыць ад таго, каго яны палічаць бліжэйшым сабе і Польшчы. Напрыклад, за Кэнэдзі яны галасавалі, бо ён быў каталіком. Рэйгана і Буша-старэйшага палякі падтрымалі за барацьбу з СССР, а Клінтана - за ўступленне Польшчы ў NATO.
Аўтар заўважае, што за Рэйгана, які быў прэзідэнтам два тэрміны, этнічныя палякі прагаласавалі толькі на другіх выбарах, у 1984 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як яны пераканаліся, што Рэйган сапраўды змагаецца з Савецкім Саюзам - краінай, якая ў 1981 годзе ўвяла ў Польшчы ваеннае становішча.
Незразумела, чаму ў 2016 годзе сімпатыі палякаў былі на баку Трампа, бо ён крытыкаваў NATO і хваліў Пуціна. Магчыма, яны палічылі, што гэта ён робіць толькі для піяру. Жыццё паказала, што Трамп быў шчыры. У выніку ў 2020-м гэтыя выбарцы аддалі свае галасы Байдэну.
Аўтар заўважае, што для этнічных палякаў, як і для ўсіх выбарцаў, галоўнымі праблемамі з'яўляюцца эканоміка і кошты. Аднак апытанні паказваюць, што ў вагальных штатах узровень даверу да абодвух кандыдатаў выраўнуецца.
Таму вызначальным можа стаць нейкі другасны фактар. Ім і можа стаць заклапочанасць этнічных палякаў бяспекай Польшчы. Пагрозу з боку Расеі яны зусім не ўспрымаюць як жарт і падтрымліваюць Украіну больш актыўна, чым сярэдні амерыканец.
Таму згадка палякаў у выступе Гарыс была зусім не выпадковай. Аналітык мяркуе, што яе штаб і ў далейшым будзе звяртацца да гэтай аўдыторыі. У выніку, пры дакладным разліку, Гарыс можа атрымаць дадаткова дзясяткі тысяч галасоў у Пенсільваніі, дзе разрыў паміж пераможцам і яго апанентам звычайна акурат такімі лічбамі і вымяраецца.