Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?
36- 15.09.2024, 15:47
- 39,582
Ён марыў патрапіць на Алімпіяду-2020 як плывец, а таксама хацеў стаць нейрахірургам.
У 2015 годзе 12-гадовы Цімур Сушко стаў студэнтам медыцынскага ўніверсітэта. Ён гаварыў, што марыць патрапіць на Алімпіяду-2020 як плывец, а таксама хоча стаць нейрахірургам. З першым не склалася, а ці стаў вундэркінд лекарам?
Бацькі Цімура з гонарам расказалі журналістам, што сын у дзевяць месяцаў добра размаўляў, у год – патрабаваў набіраць ваду ў ванну і тры гадзіны там плаваў, а ва ўзросце двух гадоў нават умеў чытаць, піша «Наша Нiва».
Трэба адзначыць, што тата з мамай шукалі вельмі розныя (і небанальныя) варыянты развіцця талентаў сына. Напрыклад, у YouTube ёсць відэа, на якім 11-гадовы Цімур (тады ўжо 11-класнік жодзінскай школы №8) займаецца ў школе Вольгі Чурылінай у Маскве. Экспертка нібыта дапамагала хлопчыку развіваць экстрасэнсорныя здольнасці.
На відэа настаўніца кажа хлопчыку, што яму трэба здагадацца, які малюнак выбрала ягоная маленькая сястрычка Оля. Дзяўчынка выбірае малюнак з манга. Цімур схіляе галаву і павольна перакладае лісты малюнкам уніз – і ў выніку дастае тое самае манга.
Цімур прафесійна займаўся плаваннем і расказваў, што плануе ўдзельнічаць у Алімпіядзе-2020. Трэнеры гаварылі: у таленавітага хлопца ёсць шанцы праз некалькі гадоў увайсці ў склад маладзёвай каманды краіны.
Мяркуючы з наступных інтэрв'ю, першыя месяцы ў ВНУ былі для Цімура вельмі насычанымі: ужо ў 6:30 у яго пачыналася першая трэніроўка ў басейне, потым былі заняткі ва ўніверсітэце, а потым – ізноў плаванне. Дадому ён звычайна прыязджаў а 21-й – і яму трэба было нешта зрабіць у навучанні. Падчас спаборніцтваў Цімур адсутнічаў на занятках, а потым спрабаваў самастойна дагнаць аднакурснікаў. Шчыра кажучы, не кожны дарослы чалавек змог бы доўга вытрымаць такі рытм жыцця.
У адным з інтэрв'ю Цімур расказаў, што стасункі з аднакурснікамі ў яго не склаліся – у асноўным таму, што ўсе яны былі старэйшыя гадоў на пяць. Але пры гэтым адзначаў, што ставіліся да яго добра. А выкладчыкі патуранняў не рабілі і іспыты прымалі гэтак сама строга, як і ва ўсіх астатніх студэнтаў.
У 14 гадоў у хлопца ўжо было блізу 200 узнагародаў на розных спаборніцтвах. З вучобай на дзённым аддзяленні БДМУ ўсё было не так добра: пасля першага курса хлопцу давялося ўзяць акадэмічны водпуск. Цімур тлумачыў гэта тым, што толькі вучыцца ў медыцынскім універсітэце для яго было нескладана, цяжэй за ўсё было адначасова добра вучыцца і добра выступаць на спаборніцтвах.
Падчас акадэмічнага адпачынку хлопец прадоўжыў займацца плаваннем: у яго былі дзве трэніроўкі ў будні і адна ў выходныя дні. Цімур выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту, заняў трэцяе месца ў першынстве Менска сярод дарослых. А яшчэ дэбютаваў у чэмпіянаце Беларусі.
У 2017 годзе журналіст «Трыбуны» сустракаўся з Цімурам і быў вельмі ўражаны вонкавым выглядам падлетка. У свае 14 гадоў той вымахаў да 184 сантыметраў і насіў абутак 43 памеру. Тады Цімур гаварыў, што пасталеў і з верасня вернецца да заняткаў у БДМУ.
Ён нават стаў удзельнікам працоўнай групы ў Інстытуце фізіялогіі Акадэміі навук. Цімур у кампаніі навукоўцаў працаваў над прафілактыкай посттраўматычнай шкоды хрыбетніка і галаўнога мозгу. Вынікам працы сталі публікацыі ў амерыканскіх і швэйцарскіх навуковых часопісах.
Тады ж Цімур расказаў, што часцей за ўсё чытае падручнікі, але ўлюбёнай кнігай назваў «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Сваім кумірам падлетак называў Майкла Фелпса, які заваяваў на Гульнях 23 золаты. Сам Цімур марыў пра Алімпійскія гульні ў Токіа. Але прызнаваўся, што любіць з сябрамі паганяць на роварах, згуляць у футбол ці засячыся ў доту.
Далей нешта пайшло не так. У 2019 годзе «Трыбуна» заўважыла, што поспехі падлетка ў плаванні перасталі ўражваць. «У канцы мінулага года Цімур плаваў за менскую каманду “Трактар” у міжнародным турніры на прызы Сяргея Каплякова, і на двухсотметроўцы брасам заняў 13-е месца – мякка кажучы, сярэдні вынік для плыўца, які некалькі гадоў таму марыў патрапіць на Алімпійскія гульні ў Токіа», – пісала выданне.
Як даведалася «Трыбуна», праз ад'езд за мяжу асабістага трэнера Ігара Нежанца тынэйджар узяў паўзу ў занятках плаваннем. Аднак паведамлялася, што коўч хутка вернецца, а 16-гадовы Сушко зноў пачне трэніравацца.
Далей у медыйнай прасторы вельмі мала звестак пра жыццё Цімура.
У 2019 годзе ў адным са СМІ Васіль Сушко (бацька хлопца), гаварыў: «Мы сёлета напісалі заяву на адлічэнне з Медыцынскага ўніверсітэта, ён скончыў два курсы. Мы зрабілі выснову, што нельга сумяшчаць вялікую прафесію лекара і плаванне».
Бацька таксама паведамляў, што пасля гэтага хлопец пачаў вучыцца ў БНТУ на спартова-тэхнічным факультэце. Падкрэслівалася тое, што ўсе пастановы бацька і сын абмяркоўвалі і прымалі разам.
Што з вундэркіндам цяпер? На Цімура Васільевіча Сушко зарэгістраваная фірма ў Смаленску – ТАА «Сінэргія», дзе той з'яўляецца дырэктарам з 2023 года. Заснавальніцай «Сінэргіі» з'яўляецца ягоная маці Святлана Сушко.
Раней «Беларуская дзелавая газета» пісала, што менавіта «Сінэргія» стала ўладальніцай СААТ «Белавежскія сыры» (знаходзіцца ў горадзе Высокае Берасцейская вобласці). Цяпер Святлана Сушко абазначаная як заснавальніца ТАА «ГД “Белавежскія сыры”».
Атрымліваецца, Цімур пакінуў у мінулым мары пра Алімпіяду і працу лекарам і пастанавіў займацца сямейным бізнэсам.
Бацька Цімура – Васіль Сушко – наадварот, кінуў бізнэс, каб рэалізаваць дзіцячую мару і стаць спеваком. Як ён сцвярджае, пакінуў свой пакет акцый «Белавежскіх сыроў» маці сваіх дзяцей. Паводле версіі былой жонкі – Святланы Сушко – яна сама выкупіла ў яго пакет акцый і самастойна ператварыла праблемнае прадпрыемства ў прыбытковае.
Васіль Сушко цяпер пазіцыянуе сябе як «беларускі мільянер, які спявае». Сёлета ён атрымаў узнагароду ад расейскага «Радыё Шансон». На той самай цырымоніі ўзнагароджання «Шансон года – 2024» дыплом далі і нявестцы Лукашэнкі, якая піша песні пад псеўданімам Ганна Сялук.