Дарадца Зяленскага: «Менска-3» не будзе
7- 15.09.2024, 16:31
- 6,272
Дзмітрый Літвін аспрэчыў «план перамогі», апублікаваны ў Bild.
Нямецкі таблоід Bild апублікаваў нібыта «план перамогі» Уладзіміра Зяленскага, які прадугледжвае замарозку баявых дзеянняў на некаторых кірунках фронту. Гэта фэйк – СМІ не бачылі плану перамогі і не мелі зносінаў з людзьмі, якія маюць дачыненне да яго, паведаміў для LIGA.net Дзмітрый Літвін, дарадца прэзідэнта Украіны ў камунікацыях.
«Bild распаўсюдзіў фэйк. План перамогі Bild не бачыў, і з тых некалькіх людзей, якія сёння ўдзельнічаюць з прэзідэнтам у падрыхтоўцы плану перамогі, ніхто з Bild не размаўляў», – заявіў Літвін.
Паводле ягоных словаў, «Менск-3» або любую іншую такую дамову «ніхто расейцам не падорыць» – Украіна супраць любой замарозкі вайны, і на ўсіх узроўнях украінскія ўлады гавораць пра гэта.
Дарадца акцэнтаваў: для Украіны важна, каб ЗША падтрымалі менавіта план перамогі Украіны, а не капітуляцыі ці замарозкі.
Гэты план першапачаткова агучаць Штатам, паколькі менавіта гэтая краіна «здольная забяспечыць рэалізацыю ягонага напаўнення», растлумачыў Літвін.
Раней у Bild, са спасылкай на ўласную інфармацыю, з'явіліся звесткі, што «план перамогі» Зяленскага нібыта ўключае як патрабаванне дазволіць Украіне выкарыстоўваць дальнабойную заходнюю зброю па Расеі, так і «гатоўнасць Украіны прыняць лакальнае спыненне агню на пэўных адрэзках фронту».
Аўтарам публікацыі ў таблоідзе з'яўляецца Юльян Рэпке – сярод іншага ён жа сцвярджаў, што гэта Украіна нібыта сама абстраляла Канстанцінаўку ў верасні 2023-га. Тады ад расейскага ўдару загінулі 16 чалавек, былі параненыя 33. Служба бяспекі Украіны паведамляла, што акупанты ўдарылі С-300.