Crew Dragon з турыстамі на борце прывадніўся ля ўзбярэжжа ЗША
- 15.09.2024, 16:44
- 3,358
У рамках місіі адбыўся першы камерцыйны выхад у адкрыты космас.
Касмічны карабель Crew Dragon з чатырма астранаўтамі камерцыйнай місіі Polaris Dawn паспяхова прывадніўся, паведамляе кампанія SpaceX у сацсетцы X.
«Прывадненне [карабля] Dragon пацверджанае! Сардэчна запрашаем назад на Зямлю», – гаворыцца ў публікацыі. Пост суправаджалі адпаведнымі кадрамі.
Паводле інфармацыі на сайце SpaceX, прывадніцца карабель павінен быў ля ўзбярэжжа нацыянальнага парку Драй-Тартугас у штаце Флорыда.
Crew Dragon запусцілі на арбіту 10 верасня. У ліку задачаў – першы камерцыйны выхад у адкрыты космас. У склад экіпажу ўвайшлі чатыры чалавекі. Місію ўзначаліў амерыканскі мільярдэр Джарэд Айзекман, які адзіны з усіх раней ужо лётаў у космас. Для пілота Скота Поціта, кіраўніцы праграмы падрыхтоўкі астранаўтаў SpaceX Сары Гіліс і былой медыка-біялагічнай кіраўніцы палётаў NASA Ганны Менан гэта быў першы касмічны палёт.
«Экіпаж дасягнуў 1408,1 км – самай высокай калязямной арбіты, на якую калі-небудзь лёталі з часоў праграмы Apollo», – паведамілі ў SpaceX. Там адзначылі, што экіпаж упершыню выйшаў у адкрыты космас у скафандрах EVA, распрацаваных кампаніяй.
У ходзе экспедыцыі астранаўты «правялі блізу 36 навуковых даследаванняў і эксперыментаў» і пратэставалі працу ў космасе сувязі Starlink.