У Клайпедзе затрымаліся 2700 аўтамабіляў, набытых беларусамі
3- 15.09.2024, 18:30
- 18,218
Літва патлумачыла, чаму іх не аддаюць.
У літоўскай Клайпедзе затрымаліся 2700 легкавушак, якія беларусы набылі за мяжой і цяпер не могуць правезці праз мяжу. У Міністэрстве фінансаў Літвы заявілі «Белсату», што большасць аўтамабіляў будзе рээкспартаваная ў Расею, а гэта – парушэнне санкцый.
У Міністэрстве фінансаў Літвы сітуацыю тлумачаць тым, што многія аўто, якія набываюць і вывозяць беларусы, потым прадаюць у Расею. Як заявілі «Белсату» ва ўстанове, мытня краіны «ўжывае ўзмоцненыя захады кантролю разам з рэгіянальнымі партнёрамі – Латвіяй, Эстоніяй, Польшчай і Фінляндыяй, – увесь час ацэньваючы рызыкі і забяспечваючы адзіны кантроль за выкананнем санкцый на знешняй мяжы ЕЗ»:
«Разбор літоўскай мытні сведчыць, што кожны другі аўтамабіль, які экспартуецца з ЕЗ у трэція краіны, трапляе на расейскі рынак. Больш як палова аўтамабіляў, якія трапляюць у Расею, імпартуецца з Беларусі. Нядаўняе даследаванне латвійскай мытні паказала такую самую тэндэнцыю абыходу санкцый: да 72% аўтамабіляў, экспартаваных з Латвіі ў Беларусь, трапляюць на расейскі рынак».
У Міністэрстве фінансаў Літвы адзначылі, што, нягледзячы на абмежаванні, пастаўкі аўтамабіляў у Беларусь прадаўжаюцца:
«З пачатку года праз літоўскія мытныя пасты ў Беларусь прапусцілі 52 тысячы машынаў, а з пачатку чэрвеня – 14 тысячаў».
Пры гэтым увезці аўтамабіль у нашу краіну можна іншымі маршрутамі, напрыклад праз Турцыю ці Грузію, заўважылі ў міністэрстве.
Цяпер у Клайпедзе затрымаліся 2700 аўтамабіляў. Ва ўстанове мяркуюць, што толькі 10% з іх набытыя для выкарыстання ў Беларусі:
«Паводле папярэдніх ацэнак мытных экспертаў, менш за 10% аўтамабіляў, якія знаходзяцца на часовым захоўванні ў Клайпедзе і іншых пунктах часовага захоўвання, насамрэч могуць быць прызначаныя для асабістага карыстання на ўнутраным рынку Беларусі, а ўсе астатнія – для ўвозу ў ЕЗ ці чакаюць заказчыкаў у Расеі».
У Міністэрстве фінансаў Літвы сцвярджаюць, што некаторыя беларусы, якія абураюцца блакаваннем аўтамабіляў, ужо апублікавалі абвесткі аб іх продажы:
«Праз сацыяльныя сеткі прадаюць тры, а часам і чатыры аўтамабілі, якія ўжо прыбылі ў порт Клайпеды. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці сапраўды гэта аўтамабілі для асабістага карыстання».
Праз тое, што Літва не аддае аўтамабілі, была створаная петыцыя на адрас прэзідэнта і міністра фінансаў суседняй краіны, зварот падпісалі больш за тысячу чалавек. Аўтары просяць дазволіць забраць аўто, адзначаючы, што «разумеюць мэтазгоднасць санкцый».
У Міністэрстве фінансаў Літвы сцвярджаюць, што большасць падпісчыкаў – расейцы:
«Аналіз сацсетак паказвае, што большасць падпісантаў петыцыі рабілі гэта не аднойчы, а некалькі разоў ці нават дзясяткі разоў з адной старонкі, іншыя выкарыстоўвалі фальшывыя старонкі. Акрамя таго, большасць падпісчыкаў на самай справе – грамадзяне Расеі, зацікаўленыя пакупнікі, якія чакаюць аўтамабілі».
Нагадаем, 4 чэрвеня 2024 года пачало дзеянне патрабаванне аб вылучэнні дадатковых дакументаў, якія пацвярджаюць, што абмежаванні міжнародных санкцый не будуць парушаныя пры экспарце, рээкспарце або транзіце аўтамабіляў узростам да пяці гадоў. Беларусы, якія набылі аўто, сцвярджаюць, што атрымаць такую дэкларацыю ад вытворцы немагчыма, аднак без гэтай паперы аўтамабілі беларускім грамадзянам не аддаюць.
Акрамя таго, пачало дзеянне патрабаванне, што пры перавозцы ў Беларусь легкавога аўтамабіля, набытага фізічнай асобай, вывезці аўтамабіль зможа толькі сам уладальнік.