Навукоўцы знайшлі нечаканы карысны эфект у мыльных операў
4- 15.09.2024, 20:38
- 3,438
Меладраматычныя серыялы выклікаюць змены ў грамадстве.
Шматсерыйныя шоу з меладраматычнымі сюжэтамі, таксама вядомыя як мыльныя оперы, здольныя прадухіляць гвалт у рэгіёнах са складаным сацыяльным становішчам. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы з Нью-Ёркскага ўніверсітэта. Даследаванне апублікаванае ў навуковым часопісе European Review of Social Psychology (ERSP).
Высновы каманды заснаваныя на эксперыменце, які праводзіўся ў такіх афрыканскіх краінах, як Руанда, Буркіна-Фасо і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (ДРК).
«Мы толькі нядаўна пачалі разумець сілу наратыўных (апавядальных) умяшанняў у развязанні міжгрупавых канфліктаў і гвалту, а таксама розныя спосабы, якімі наратывы могуць уплываць на паводзіны, сацыяльныя нормы і стасункі, звязаныя з канфліктам», – адзначыла аўтарка навуковай працы, псіхалагіня Рэзарта Білалі.
Спецыялісты вылучылі сем стратэгій, якія выклікаюць змены ў грамадстве з дапамогай сюжэтаў ТВ-меладрамаў. Да іх аднеслі дэманстрацыю сацыяльных нормаў, ролевае мадэляванне за кошт вобразаў персанажаў, узоры маральных паводзінаў, асэнсаванне існых праблемаў, прыняцце пункту гледжання і эмпатыю, парасацыяльныя кантакты (напрыклад, калі героі сутыкаюцца з нейкімі «чукамі») і пластычнасць (здольнасць герояў з часам мяняць свае перакананні пра што-небудзь).
Білалі адзначыла, што ў аповедах гэтыя стратэгіі часта ўзаемазвязаныя і іх цяжка падзяліць.
Навукоўцы прывялі практычныя вынікі ўздзеяння меладрамаў на грамадскія паводзіны.
У Руандзе, якая перажыла грамадзянскую вайну і генацыд у пачатку 1990-х гадоў, транслявалі эксперыментальны меладраматычны радыёспектакль пад назовам Musekeweya пра жорсткую зямельную спрэчку і наступнае прымірэнне паміж дзвюма вёскамі. Даследаванні паказалі, што драма павысіла давер руандцаў адно да аднаго.
У ДРК у эфір выйшлі дзве версіі радыёдрамы Kumbuka Kesho, героі якой сутыкаліся з карупцыяй, міжгрупавымі канфліктамі ды іншымі праблемамі. У адной версіі персанажы імкнуліся знайсці выйсце з сітуацыі, у іншай – не прымалі ніякіх дзеянняў. Аналіз паказаў, што слухачы эпізодаў з ролевым мадэляваннем станавіліся больш актыўнымі і больш верылі ў калектыўную здольнасць дамагацца пераменаў.
У Буркіна-Фасо ўдзельнікі з розных вёсак цягам 12 тыдняў слухалі радыёпастаноўку, мэтай якой было супрацьдзеянне гвалту і экстрэмізму. Аўдыторыя радыёшоу стала менш схільная да апраўдання гвалту і дзеянняў радыкалаў.
Даследнікі адзначылі, што наратыўныя ўмяшанні лепш за ўсё працуюць у перыяд пасля заканчэння канфлікту. Падобныя ўмяшанні падчас вострай фазы супрацьстаяння могуць толькі пагоршыць стрэс для ўдзельнікаў.