22 снежня 2024, Нядзеля, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус, якога судзяць у Польшчы за шпіянаж, добраахвотна пагадзіўся адбываць пакаранне

3
Беларус, якога судзяць у Польшчы за шпіянаж, добраахвотна пагадзіўся адбываць пакаранне

Ён можа правесці ў турме два гады і дзесяць месяцаў.

Грамадзянін Беларусі Уладзіслаў П., якога судзяць у Польшчы за шпіянаж на карысць Расеі, пагадзіўся на добраахвотнае адбыццё пакарання. Ён можа правесці ў турме два гады і 10 месяцаў, паведамляе MOST са спасылкай на выданне Wirtualna Polska.

У Польшчы абвінавачаны ў крымінальным працэсе можа падаць заяву аб добраахвотным адбыцці пакарання. Гэта магчыма ў выпадках, калі віна і абставіны ўчынення злачынства не выклікаюць сумневаў. Такая заява скарачае судовы працэс і ў многіх выпадках прыводзіць да больш мяккага пакарання.

13 верасня, на чарговым пасяджэнні Акруговага суда ў Любліне, Уладзіслаў П. паведаміў, што згодны правесці ў турме два гады і дзесяць месяцаў, а таксама заплаціць дзесяць тысяч злотых (8 200 беларускіх рублёў) штрафу, пяць тысяч злотых (4 100 рублёў) у Фонд дапамогі пацярпелым і аддаць у даход дзяржавы 8 200 злотых (6 700 рублёў), атрыманых ад расейскай выведкі.

Пракурор і суд пагадзіліся на такое пакаранне, аднак канчатковае абвяшчэнне прысуду адкладзенае. Уладзіслаў П. хадайнічаў аб змене меры стрымання, але суд у гэтым адмовіў, бо мужчына не мае пастаяннага месца жыхарства ў Польшчы і можа пакінуць краіну.

У чым абвінавачваюць Уладзіслава П.?

Беларус уваходзіў у групу, якая збірала інфармацыю аб транспартнай інфраструктуры Польшчы, у тым ліку той, праз якую ажыццяўляліся пастаўкі вайсковай і гуманітарнай дапамогі Украіне.

Ва ўдзельнікаў групы быў куратар, з якім яны звязваліся праз Telegram, высветліць яго асобу следству не ўдалося. У мэсэнджары ён назваўся Андрэем, Анджэем, а таксама Габрыэлем К., якога разглядаюць як афіцэра расейскіх спецслужбаў. Дзеяннямі групы кіравалі і іншыя людзі, якія выкарыстоўвалі нікі Barbados, Pink, Mara, Secret Chat.

План-максімум быў ў адпраўцы пад адхон цягніка з вайсковым транспартам для Украіны. За гэта было прапанаваная ўзнагарода сумай дзесяці тысяч далараў.

Але ўвогуле заданні, якія чальцы групы атрымлівалі ад куратараў, былі рознымі. Перш за ўсё, гэта назіранне за транспартнай інфраструктурай і вайсковымі аб'ектамі: марскімі партамі, аэрапортамі, чыгуначнымі вакзаламі і вайсковымі часткамі Польшчы. Паводле звестак польскай пракуратуры, чальцы групоўкі ўстанавілі на чыгуначных рэйках не менш як шэсць камер відэаназірання, а ў цягніках устанавілі GPS-перадатчыкі. Такім чынам адсочваліся пастаўкі вайсковай і гуманітарнай дапамогі Украіне.

За ўсталяваную камеру выканаўцам плацілі 300-400 даляраў.

Таксама ўдзельнікі групы атрымлівалі драбнейшыя заданні, звязаныя з прапагандысцкай дзейнасцю: малявалі графіці, расклейвалі стыкеры і ўлёткі з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лозунгамі.

За кожную ўлётку выканаўца атрымліваў пяць даляраў.

Таксама выканаўцам выдалі грошы на пражыванне ў гатэлях і на паездкі па краіне. Як высветліла пракуратура, аплата абвінавачаным рабілася ў крыптавалюце.

Якія пакаранні атрымалі іншыя ўдзельнікі групы?

Іншыя чальцы групы, якія пагадзіліся раней на добраахвотнае адбыццё пакарання, атрымалі тэрміны ад аднаго года і аднаго месяца да шасці гадоў пазбаўлення волі. Таксама суд прызначыў ім штрафы сумай ад адной тысячы да 20 тысяч злотых (ад 820 да 16 500 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць сродкі, атрыманыя ў выніку злачыннай дзейнасці.

Разам з Уладзіславам П. судзяць украінца Максіма Л. Ён добраахвотна пагадзіўся на адбыццё шасці гадоў зняволення. Яго пакаранне больш суровае, паколькі ён з'яўляўся адным з кіраўнікоў і быў першым кантактам "Андрэя".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках