З Беларусі сыходзіць знакаміты касметычны брэнд
4- 16.09.2024, 17:55
- 21,150
Перад гэтым яго «прыціснулі» чыноўнікі.
У Беларусі пачалася ліквідацыя кампаніі «Арыфлэйм Касметыкс» — «дочкі» швэдскага брэнда Oriflame. Пры гэтым сайты фірмы ўжо недаступныя, а на тэлефонныя нумары ў менскім офісе немагчыма датэлефанавацца — паведамляецца, што яны несапраўдныя. Як распавёў журналісту «Зеркала» адзін з кансультантаў, які прадаваў касметыку Oriflame, беларусы ўжо не могуць замовіць тавары праз «Арыфлэйм Касметыкс», толькі калі праз Расею, але і з гэтай схемай ёсць цяжкасці.
Аб выхадзе з Беларусі кампанія Oriflame публічна не абвешчана. Як заўважыла «Зеркала», у жніўні 2024-га ў дзяржрэестры аплатнікаў ад Міністэрства падаткаў і збораў з'явіўся запіс, што Oriflame пачала ліквідацыю сваёй юрыдычнай асобы ў Беларусі - фірмы «Арыфлэйм Касметыкс».
Сайты фірмы недаступныя, як і тэлефоны ў менскім офісе. Адправіць электронныя лісты таксама не ўдалося, яны вярнуліся з паметкай, што не могуць быць дастаўленыя адрасату. Адзін з кансультантаў, які прадаваў тавары Oriflame, патлумачыў журналісту «Зеркала» як патэнцыйнаму пакупніку, што купіць тавар праз «Арыфлэйм Касметыкс» ужо не атрымаецца. Адзін з варыянтаў - паспрабаваць аформіць заказ праз індывідуальных агентаў, якія спрабуюць зрабіць куплі праз Расею. Але кансультант папярэдзіў, што і пры гэтым варыянце могуць быць непрыемныя сюрпрызы - каробкі могуць прыйсці пустымі, без аформленага тавару.
Ліквідацыі кампаніі папярэднічала тое, што летам 2023-га беларускі ўрад унёс «Арыфлэйм Касметыкс» у пералік кампаній, продаж якіх дапушчальны толькі з дазволу ўладаў. Пры гэтым сярод акцыянераў фірмы былі пазначаныя «Арыфлэйм Касметыкс АГ» (Нідэрланды) і «Арыфлэйм Холдынгс Б.В.» (Швэйцарыя).
Пры гэтым у сярэдзіне 2022 года швэды разам з дзвюма іншымі вядомымі кампаніямі наўпроставых продажаў (Herbalife Nutrition і Mary Kay) стварылі Асацыяцыю наўпроставых продажаў у Беларусі. Як было агучана, новае аб'яднанне павінна было надаць дадатковы імпульс індустрыі наўпроставых продажаў у краіне і забяспечыць эфектыўныя ўмовы для забеспячэння этычных стандартаў вядзення бізнэсу.