У ЗША паказалі «самую старую кнігу з рэцэптамі»
4- 16.09.2024, 20:17
- 4,740
Ёй больш за 4000 гадоў.
Пасля чатырохгадовай рэканструкцыі адкрылі музей Пібадзі ў Ельскім універсітэце ў Нью-Хэйвэне, у якім захоўваецца «найстарэйшая кніга рэцэптаў» – набор з чатырох клінапісных гліняных таблічак, знойдзеных у Месапатаміі. Узрост трох таблічак большы за 4 000 гадоў.
Пра гэта паведамляе Atlas Obscura.
Сёлета ў музеі ўпершыню большую частку экспанатаў выставілі на ўсеагульны агляд. Выставу ўжо наведалі блізу 200 000 чалавек, музей скасаваў плату за ўваход, каб як мага больш людзей маглі паглядзець на экспанаты.
Шэф-кухар з Сірыі Махамед Хафез расказаў, што, нягледзячы на адрозненні ў старажытных рэцэптах, ён таксама бачыць і агульныя рысы з сучаснымі стравамі. Ён таксама расказаў, што змог даведацца, што елі людзі ў ягоным родным рэгіёне тысячы гадоў таму.
Супрацоўнікі Ельскай вавілонскай калекцыі паспрабавалі зрабіць некалькі рэцэптаў, аднак некаторыя са страваў палічылі неядомымі. Напрыклад, малочны булён з баранінай меў неапетытны колер і мутнаватую кансістэнцыю.
Адной з асноўных праблемаў ва ўзнаўленні рэцэптаў з'яўляецца тое, што таблічкі змяшчаюць пераважна спісы інгрэдыентаў, але без далейшых інструкцый.
Аднак вегетарыянскае рагу, якое мае незразумелую назву на таблічцы «Расслабленне» і тушаная бараніна з бураком, былі смачнымі.
Старажытныя бабілонцы, у адрозненне ад іншых старажытных народаў, ведалі пісьмо, і нават вялі свае паўсядзённыя нататкі, такія як рэцэпты страваў, адчаканьваючы іх на гліняных таблічках.
Знойдзеныя артэфакты сведчаць пра заможнасць, а таксама пра стан гандлёва-эканамічных стасункаў. Акцэнт на стравах, у якіх фігуруюць збожжа і піва, падкрэслівае ролю Месапатаміі як жытніцы старажытнага свету, і паказвае, што гэта было адным з першых месцаў, дзе людзі перайшлі да сельскагаспадарчага грамадства.