Напарнік Трампа прызнаў, што «стварыў» гісторыю пра паяданне сабак і катоў мігрантамі
14- 17.09.2024, 9:30
- 6,296
Скандальная заява спарадзіла шмат мемаў.
Абраны Дональдам Трампам кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША Джэй Ды Вэнс фактычна прызнаў, што гісторыя, якая распаўсюджваецца рэспубліканцамі, пра нібыта паяданне свойскіх жывёл мігрантамі з Гаіці ў адным з гарадоў штата Агаё не з'яўляецца праўдай.
Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю CNN.
Размова вядучай CNN Даны Бэш з Вэнсам тычылася сказанай Трампам падчас дэбатаў заявы аб тым, што ў горадзе Спрынгфілд у Агаё мігранты з Гаіці нібыта палююць на свойскіх котак і гусей.
Гэтае сцвярджэнне з'явілася за некалькі дзён да дэбатаў, было сярод першых распаўсюджанае самім Джэй Ды Вэнс, а таксама спарадзіла хвалю згенераваных штучным інтэлектам выяў Трампа, які «ахоўвае» катоў і гусей. Гэтыя сцвярджэнні афіцыйна зняпраўдзілі ўлады і паліцыя Спрынгфілда.
Падчас нядзельнага эфіру вядучая CNN спытала ў Вэнса, ці можа ён пасля неаднаразовых зняпраўджваанняў распаўсюджанай ім жа інфармацыі аб "паяданні свойскіх жывёл мігрантамі" прызнаць, што не мае пацверджаня гэтаму.
На гэта напарнік Трампа заявіў, што яго доказы - гэта "непасрэдныя сведчанні выбарцаў ягонай акругі", тых, якія страцілі родных праз напады мігрантаў.
“Амерыканскія СМІ цалкам ігнаравалі гэтыя рэчы, пакуль мы з Дональдам Трампам не пачалі казаць пра мемы з катамі. Калі мне давядзецца ствараць гісторыі, каб амерыканскія СМІ звярнулі ўвагу на пакуты амерыканскага народа - што ж, менавіта гэта я і буду рабіць, Дана”, - дадаў ён.
Вядучая пасля гэтага некалькі разоў перапытала кандыдата Трампа ў віцэ-прэзідэнты, ці азначаюць яго словы аб тым, што ён "стварыў" гісторыю аб паяданні катоў, што яна сапраўды выдумана. Урэшце ён фактычна гэта і прызнае:
“Я кажу, што мы ствараем гісторыю, а гэта азначае, што мы робім так, каб амэрыканскія СМІ факусаваліся на гэтым. Не я "стварыў" 20 тысяч нелегальных мігрантаў, якія прыбылі ў Спрынгфілд. Гэта з-за палітыкі Камалы Гарыс. Але так, мы стварылі фактычны фокус, які дазволіў амерыканскім СМІ казаць пра гэтую гісторыю і пакуты, выкліканыя палітыкай Камалы Гарыс”.