Над Гародняй сёння з'явіцца каляровы дым
3- 17.09.2024, 9:36
- 2,138
Гэта звязана з працамі на стратэгічным прадпрыемстве.
На 17 верасня прадпрыемства "Гродна Азот" запланавала спыніць частку вытворчасці, паведамляе "Гарадзенскі хімік". У сувязі з гэтым жыхароў Гародні папярэдзілі аб магчымым чырвона-бурым дыме над заводам. Прычым толькі нядаўна гэтую частку вытворчасці планава запускалі.
У планавым парадку на 17 верасня прызначанае спыненне аддзялення азотнай кіслаты і кампрэсіі цэха азотнай кіслаты і карбамідна-аміячнай сумесі (АКіКАС).
“Гэтая аперацыя суправаджаецца кароткачасовым павелічэннем утрымання NOx у + газах. Аксід азоту (IV), які ўваходзіць у склад NOx, надае газам характэрнае чырвона-бурае адценне (у народзе такі дым завуць „лісіны хвост“. — Заўв. рэд.)”, — гаворыцца ў паведамленні выдання.
Як тлумачыцца, дапушчальны выкід забруджвальных рэчываў у газах рэгламентаваны неабходнымі дакументамі, а падчас правядзення прыпыначных аперацый вядзецца "кантроль якасці атмасфернага паветра на тэрыторыі і па перыметры прадпрыемства, а таксама на мяжы санітарна-ахоўнай зоны з улікам кірунку ветру".
Звесткі па атмасферным паветры ў санітарна-ахоўнай зоне прадпрыемства будуць апублікаваныя на афіцыйным сайце ААТ "Гродна Азот".
"Пагрозы гораду, экалогіі і жыхарам няма", - адзначылі ў выданні і на прадпрыемстве.