17 верасня 2024, aўторак, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя з пратэстам агароднікаў пад Гомелем атрымала працяг

11
Гісторыя з пратэстам агароднікаў пад Гомелем атрымала працяг

Умяшаліся ўлады.

У вёсцы Цыкуны Гомельскага раёна чыноўнікі сустрэліся з агароднікамі і мясцовымі жыхарамі, якія пратэставалі супраць арэнды мясцовай сажалкі пад платную рыбалку. Людзям заявілі, што ўгода цалкам законная, і ў сваю чаргу прыстрашылі штрафамі праз сметнішчы ў неналежным месцы, паведамляе «Маяк».

Намеснік старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел Новікаў сцвярджае, што арандатары вадаёма - ТАА «ГрынПлейс» не парушылі прыродаахоўнае заканадаўства:

- Дакументальна пацверджана, што гэтая мясцовасць - тарфяныя паклады (частка іх даўно выпрацавана), якія распасціраюцца да Міхалькоў. Вадаём каля вёскі Цыкуны — штучнага паходжання, узнік на месцы былых распрацовак і профільным Міністэрствам унесены ў пералік вадаёмаў для здачы ў арэнду.

У сваю чаргу чыноўнік папракнуў агароднікаў і мясцовых жыхароў за сметнішчы бытавога смецця, якія рэгулярна з'яўляюцца, хоць у іх ёсць магчымасць замовіць транспарт і вывезці ўсе адкіды:

- За выкід смецця ў неналежным месцы парушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля ўстаноўкі фотапастак, думаю, падобных негатыўных фактаў стане менш.

Прысутным таксама заявілі, што зямельны надзел плошчай 70 гектараў і вадаём у Цыкунах перададзены ў арэнду на законных падставах да 2036 года.

Многія людзі выказалі незадаволенасць з-за таго, што пасля перадачы сажалкі ў арэнду яны больш не могуць там купацца. Аднак у Таварыстве выратавання на вадзе патлумачылі, што пляжу тут і не павінна быць - абсталяванне месцаў купання ў абводненых кар'ерах і сажалках-копанках забароненае.

Суарандатар вадаёма Віктар Крот паабяцаў, што бераг вадаёма, дзе зыклі адпачываць мясцовыя і агароднікі, прывядуць у парадак, а для рыбакоў усталююць масткі з альтанкамі на выпадак непагадзі.

- Мясцовыя жыхары і агароднікі могуць лавіць рыбу з берага бясплатна, але калі скарыстаюцца створанымі ўмовамі лоўлі з воднай роўнядзі, то заплацяць палову кошту, - сказаў ён. Аднак частка людзей усё адно засталася незадаволеная.

Нагадаем, раней паведамлялася, што ў лістападзе 2021 года жыхары вёскі Цыкуны і ўладальнікі шматлікіх дачных участкаў даведаліся, што мясцовую сажалку плануюць прыстасаваць для выканання платных паслуг "рэкрэацыйнага рыбаводства".

Праект, вынесены на грамадскае абмеркаванне, меркаваў пабудову на беразе возера комплексу будынкаў і збудаванняў для "выканання паслуг з мэтай рэкрэацыйнага рыбаводства". З трох бакоў вадаёма меркавалася размясціць дзевяць двухпакаёвых домікаў і адзін "Дом рыбака" з вялікай гасцёўняй. Таксама праектам прадугледжвалася саўна і адміністрацыйны корпус.

Падчас грамадскага абмеркавання стала вядома, што прадпрымальнікі з ТАА «Грынплэйс» ужо атрымалі ўхваленне ад мясцовых уладаў і зарыбілі вадаём, а мясцовым жыхарам прапанавалі 80%-ную скідку на свае паслугі.

Жыхары выказаліся супраць рэалізацыі праекту. Фактычна яны пазбаўляліся месца адпачынку на беразе вадаёма, што было асабліва адчувальна ў летні перыяд. З 345 зваротаў грамадзян, накіраваных у Гомельскі райвыканкам, 343 былі супраць рэалізацыі праекта. Людзі нават выходзілі на пратэст, за імі назірала міліцыя.

Акрамя таго, 42 чалавекі былі аштрафаваныя нібыта за купанне ў не абсталяваным для гэтага месцы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках