Ва Украіне знікаюць сірыйскія найміты
- 17.09.2024, 11:29
- 4,572
Расейцы адпраўляюць іх у "мясныя штурмы".
Расея актыўна вярбуе мужчын з Сірыі, абяцаючы ім расейскія пашпарты і аплатную працу. Аднак мала хто вяртаецца.
Пра гэта паведамляе ўкраінская выведка.
Сірыйскіх наймітаў адпраўляюць на перадавую, дзе яны нясуць значныя страты.
У ліпені 2024 года 14 сірыйскіх наймітаў, сярод якіх быў Махамед Мансур, адправілі на штурм пазіцый паблізу горада Сватава Луганскай вобласці. У выніку ўкраінскага абстрэлу большасць з іх загінулі, а запыт на эвакуацыю параненых расейскія вайскоўцы адхілілі. Мансур уцёк з поля бою, а яго атрад прызналі зніклым без вестак.
Нядаўна сірыйскія паблікі паведамілі аб смерці яшчэ аднаго найміта, Вахіда Мурсала Аль-Шыблі, які атрымаў расейскі пашпарт і ваяваў на Луганшчыне. Яго атрад з сямі сірыйцаў быў разбіты, а Мурсал памёр з-за адсутнасці эвакуацыі. Лёс іншых баевікоў невядомы.
“Расея наладзіла схему з турыстычнымі фірмамі для рэкрутынгу сірыйцаў на вайну супраць Украіны - спачатку беднякам прапануюць працу ахоўнікамі ў расейскіх нафтавых правінцыях, а затым завабліваюць больш высокім заробкам для ўдзелу ў “мясных штурмах”, - заявілі ў ГУР.