21 снежня 2024, Субота, 17:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа запатрабавала ад «Газпрама» больш за $20 млрд за непастаўлены газ

10
Еўропа запатрабавала ад «Газпрама» больш за $20 млрд за непастаўлены газ

Не менш за 19 кампаній падалі пазовы да расейскай газавай манаполіі.

Няўдалая спроба замарозіць Еўропу, каб дамагчыся саступак датычна Украіны, павярнулася для «Газпрама» не толькі рэкорднымі ў гісторыі стратамі, але і судовымі пазовамі на дзясяткі мільярдаў даляраў.

Не менш за 19 кампаній з 11 еўрапейскіх краінаў падалі пазовы да расейскай газавай манаполіі праз парушэнні газавых кантрактаў, а іх агульны памер дасягнуў 18,6 млрд еўраў, або $ 20,6 млрд, падлічыў Reuters.

Найбуйнейшы з іх – на 13 млрд еўраў – быў пададзены нямецкім канцэрнам Uniper, у мінулым галоўным кліентам «Газпрама» ў Нямеччыне і суінвестарам праекту «Паўночны струмень – 2». Кампанія, якая набывала ў Расеі 20 млрд кубаметраў газу за год, патрабавала кампенсацыі шматмільярдных стратаў ад спынення расейскіх паставак. У чэрвені 2024 года Стакгольмскі арбітраж задаволіў яе пазоў у поўным аб'ёме.

Яшчэ блізу $1 млрд ад «Газпрама» патрабуе RWE – іншы нямецкі імпарцёр газу, які атрымліваў 1 млрд кубаметраў за год. Французская Engie падала пазоў у арбітраж, патрабуючы ад «Газпрама» больш за 300 млн еўраў. У Аўстрыі, якая прадаўжае набываць расейскі газ, забяспечваючы ім блізу 90% свайго спажывання, пазоў супраць «Газпрама» падаў найбуйнейшы энэргаканцэрн OMV: ягоны памер складае 575,3 млн еўраў, піша Reuters.

У Фінляндыі, дзе да вайны расейскі газ займаў 90% рынку, пазоў супраць «Газпрама» падаў канцэрн Gasum, у Італіі – энэргагігант Eni, які адмовіўся выконваць указ Уладзіміра Пуціна аб аплаце паставак «у рублях».

У Польшчы пазоў супраць «Газпрама» на 1,5 млрд еўраў падала Europol Gaz – кампанія, якая кіравала польскім адрэзкам трубаправода «Ямал-Еўропа», што пампаваў газ з Заходняй Сібіры спажыўцам у Нямеччыне. У Чэхіі прэтэнзіі «Газпраму» за недапастаўлены газ выставілі Net4gas і Innogy Energie: першая патрабуе 113 млн еўраў, другая – 78 млн. У Швэйцарыі пазовы падалі газавыя трэйдары DXT Commodities і Axpo Solutions: іх агульны памер дасягае амаль 1 млрд еўраў.

У Нідэрландах 275 млн еўраў ад «Газпрама» патрабуе газатранспартны аператар Gasunie Transport Services. Яшчэ адзін пазоў за невыкарыстанне зарэзерваваных газавых магутнасцяў падала BBL Company V.O.F. У Славакіі з «Газпрамам» пастанавілі судзіцца ZSE Energia і Vychodoslovenska energetika, а ў Балгарыі – нацыянальны газавы аператар Bulgargaz. Апошні патрабуе 400 млн еўраў за скасаванне кантракта.

Агульны памер прэтэнзій да «Газпрама» перавысіў ягоную чыстую выручку ад продажаў газу на ўсе знешнія рынкі разам узятыя: $10 млрд за год ад паставак у Еўропу і Турцыі, $7 млрд ад паставак у Кітай і $2 млрд ад экспарту ў краіны СНД і Цэнтральную Азію, паводле ацэнак БКС.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках