17 верасня 2024, aўторак, 23:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За жнівень у Расеі прадалі ўсяго пяць аўтобусаў МАЗ

7
За жнівень у Расеі прадалі ўсяго пяць аўтобусаў МАЗ

Год таму іх рэалізавалі ў 20 разоў больш.

Продаж новых аўтобусаў МАЗ у Расеі ў жніўні прыкметна асеў. Пра гэта сведчаць звесткі, апублікаваныя кампаніяй «АСМ-холдынг».

У мінулым месяцы ў Расеі было рэалізавана ўсяго пяць аўтобусаў МАЗ. Пры гэтым год таму было прададзена 107 адзінак.

У студзені – жніўні 2024 года на расейскім рынку было рэалізавана 327 аўтобусаў МАЗ. За аналагічны перыяд летась – 709.

У топе продажаў на рынку РФ аўтобусы расейскіх марак ПАЗ, ЛіАЗ, НЕФАЗ, а таксама кітайскі Yutong, паведамляе «Люстэрка».

Нагадаем, аўтобусы МАЗ адзначыліся ў Расеі (ды і ў Беларусі) тым, што гараць з зайздроснай рэгулярнасцю. Так, ад пачатку 2024 года ў суседняй краіне было зафіксавана ўжо некалькі пажараў у беларускіх аўтобусах. Летась праз частыя загаранні МАЗаў піцерскі перавознік быў вымушаны спыніць эксплуатацыю 137 экзэмпляраў МАЗ (мадэль 203 047) «у сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да загарання», хоць неўзабаве беларускія аўтобусы вярнуліся на вуліцы Санкт-Пецярбурга. У кампаніі адзначылі, што спецыялісты ААТ МАЗ «ажыццявілі дапрацоўку дзейных сістэмаў і механізмаў аўтобусаў з мэтай выключэння выпадкаў патэнцыйных загаранняў».

Раней Аляксандр Лукашэнка ўздымаў тэму загарання беларускіх аўтобусаў з расейскімі губернатарамі і прызнаваўся, што «расперажываўся» праз інцыдэнты: «Думаю, можа, там сапраўды нешта ўзарвалася і загарэлася». А 11 жніўня летась, каментуючы спыненне эксплуатацыі аўтобусаў МАЗ у Санкт-Пецярбургу, ён намякнуў на інтрыгі канкурэнтаў.

А прадстаўнікі адной з транспартных кампаній Архангельска нядаўна скардзіліся, што ў аўтобусах МАЗ ёсць дэфект аўтаматычнай скрынкі пераключэння перадачаў, які «выяўляецца ў рэзкіх штуршках пры тармажэнні аўтобуса». Скрынку перадачаў у аўтобусах мяняюць, але не так хутка, як трэба: пастаўкі запчастак затрымліваюцца.

Расейцы таксама расказалі, што ў халодны час года сутыкаюцца з некарэктнай працай ПЧ (падагравальніка вадкасці рухавіка) беларускіх аўтобусаў. Гэта выяўляецца ў выхадзе з ладу блокаў кіравання, індыкатараў полымя і дадатковай цыркуляцыйнай помпы. А ў цёплы час года сустракаецца збой сістэмаў кандыцыянавання.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках