СМІ: Кітай націснуў на Лукашэнку
2- 18.09.2024, 11:00
- 19,670
План Варшавы дзейнічае.
Кітай папрасіў Лукашэнку нармалізаваць стасункі з Польшчай. Той факт, што такая просьба была агучаная, пацвердзілі крыніцы «Нашай Нівы» ў дыпламатычных колах.
Нават той факт, што Лукашэнка вымушаны выпускаць на волю палітвязняў, таксама можа быць рэакцыяй на просьбу Кітая - не выключана, што Анджэй Пачобут можа апынуцца ў чарговай партыі памілаваных.
Зрэшты, сам Лукашэнка занадта актыўна адмаўляе факт таго, што такі зварот з боку кіраўніцтва Кітая паступаў у прынцыпе.
«Вось кітайцы Лукашэнку прымусілі, каб ён змякчыў палітыку ў дачыненні да Польшчы. З Кітаем мы не абмяркоўвалі нават гэтыя тэмы. Ніколі Сі Цзіньпін, ведаючы мяне, ніколі не скажа, што ты там у Польшчы нешта зрабі», - заяўляў Лукашэнка.
У той жа час ён прызнаў, што мае дачыненне да нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перайсці беларуска-польскую мяжу.
Адзін з найбуйнейшых эканамічных партнёраў рэжыму Лукашэнкі, як мяркуецца, звярнуўся з просьбай аб нармалізацыі стасункаў Беларусі з Польшчай пасля таго, як прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў у канцы чэрвеня падчас візіту ў Шанхай, што гібрыдная атака на мяжы з Беларуссю перашкаджае «Поясу і Шляху». Адна з пагроз для Кітая - гэта перацінанне чыгуначнага руху праз Беларусь у Польшчу і далей у іншыя краіны ЕЗ.