Чаму Лукашэнка загаварыў пра Гаагу?
30- 18.09.2024, 18:47
- 30,726
Палітолаг разабраў галоўныя страхі дыктатара.
Учора Лукашэнка выдаў цэлую порцыю сваіх страхаў. Адзін з галоўных - Гаага. Дыктатар запэўнівае, што Міжнародны крымінальны суд хоча выдаць ордэр на ягоны арышт, каб ён нібыта «не ўдзельнічаў у мірных перамовах што да Украіны».
Чаму Лукашэнка загаварыў пра Гаагу? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам і пісьменнікам Уладзімірам Цыбулькам:
- Там ужо гатовы сюжэт, у гэтым плане варта адзначыць паслядоўнасць Міжнароднага крымінальнага суда ў справе аб выкраданні ўкраінскіх дзяцей. Падобны ордэр ужо выдадзены на Пуціна, а беларуская ўлада, наколькі мне вядома, была задзейнічаная ў гэтых злачынствах. У плане развіцця справы аб выкраданні ўкраінскіх дзяцей лагічна выдаць ордэр і на Лукашэнку.
Лукашэнка разумее, што ягоная ўлада скончыцца роўна праз хвіліну пасля падзення ўлады Пуціна. Таму ён і нагадвае яму такім чынам, што яны ў адным звязку, і Пуцін, як ужо фігурант Гаагі, мусіць быць паслядоўным хаўруснікам Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра фінансавы шантаж, Лукашэнку патрэбныя грошы, ён неўзабаве будзе «церабіць Пуціна» на дадатковыя сродкі, вайсковыя замовы ці яшчэ нешта.
Другі момант - Лукашэнка спрабуе акцэнтаваць увагу, што можа стаць фігурантам Міжнароднага крымінальнага суда, таму Пуцін не павінен імкнуцца ўцягнуць яго ў больш шырокае кола адказнасці за іх злачынствы.
- Яшчэ адзін страх, які ён агучыў, нібы наступным пунктам эскалацыі стане Беларусь. Нібыта Украіна адкажа за тое, што праз беларускую тэрыторыю лятаюць расейскія дроны. Чаму ён пра гэта гаворыць?
- Акцэнт на беспілотніках, што залятаюць ва Украіну з боку Беларусі, які дае права Украіне нанесці ўдар у адказ, вельмі важны. Беларускія нафтапрадукты зараз паступаюць у расейскія войскі. Усё праз тое, што ў еўрапейскай частцы Расеі перабітая частка нафтаперапрацоўчых заводаў. Таму Украіна можа спакойна біць па беларускай нафтаперапрацоўцы.
Лукашэнка цудоўна разумее, што будзе, калі Украіна знішчыць нафтаперапрацоўку Беларусі, ён з яе дапамогай зарабляе на расейскім войску. Лукашэнка баіцца, бо ўжо зрабіў Беларусь суўдзельніцай вайны, даўшы сваю тэрыторыю для нападу на Украіну. А расейскія дроны, якія лётаюць праз Беларусь, — яшчэ адна нагода для Лукашэнкі патрабаваць грошы ад Пуціна.