Defense Express: УСУ нанеслі гістарычны ўдар
8- 18.09.2024, 15:49
- 21,012
Рэкордны з пачатку вайны.
Cілы абароны Украіны ўночы ў сераду, 18 верасня, ажыццявілі рэкордны ўдар БПЛА па складзе ракет расейцаў у горадзе Таропец Цвярской вобласці, дзе захоўвалася да 30 тысяч тон боепрыпасаў розных тыпаў, піша Defence Express.
Гаворка ідзе пра вайсковую часць 541690 (107 арсенал ГРАУ) мінабароны РФ. Defence Express мяркуе, што пад удар Сіл абароны патрапіў, магчыма, самы вялікі склад боепрыпасаў у геаграфічна еўрапейскай частцы Расеі.
У выніку атакі выбухной хваляй былі выбітыя вокны ў памяшканнях у радыусе да 5 кіламетраў ад самага склада. Акрамя таго, магутнасць удару пацвярджае рэсурс Volcanodiscovery, які паведаміў аб землятрусах у горадзе Таропец сілай да 2,8 бала па шкале Рыхтэра.
«Сам гэты факт сведчыць аб маштабе страт для ворага ад гэтага ўдалага нападу Сіл абароны Украіны значна лепш, чым нават эфектныя фота і відэа выбухаў на гэтым складзе. Таму што такі сейсмічны эфект мог узнікнуць хіба што ад адначасовага падрыву адразу некалькіх тысяч тон боепрыпасаў», - адзначаюць аналітыкі.
Defence Express таксама параўноўвае выбухі на складзе з падрывам маламагутнай ядзернай бомбы, паколькі заяўленыя 30 тысяч тон розных боепрыпасаў на 107-м арсенале ГРАУ - гэта 30 кілатон магутнасці ядзерных боезарадаў.
Атакаваны склад быў важным для харчавання расейскіх войскаў у Курскай вобласці. Таму знішчэнне гэтых боепрыпасаў абмяжуе магчымасці акупантаў, указваюць аналітыкі.
Defence Express дадае, што падрыў гэтага склада, магчыма, з'яўляецца рэкордным па сваім маштабе з пачатку вайны і мае ўсе шанцы ўвайсці ў гісторыю.