18 верасня 2024, Серада, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Баварыя» забіла рэкордныя 9 галоў у матчы Лігі чэмпіёнаў

«Баварыя» забіла рэкордныя 9 галоў у матчы Лігі чэмпіёнаў

Форвард Кейн пабіў тры рэкорды ў матчы з 11 галамі.

Мюнхенская «Баварыя» дома распляжыла заграбскае «Дынама» з лікам 9:2. Нямецкі клуб першым у гісторыі дзевяць разоў патрапіў у браму спаборніка ў матчы Лігі чэмпіёнаў.

Форвард гаспадароў Гары Кейн забіў чатыры мячы, тры з якіх з пенальці. Ён стаў першым гульцом у гісторыі, які забіў тры мячы з пенальці ў Лізе чэмпіёнаў. Таксама Кейн стаў першым англічанінам з покерам у матчы Лігі чэмпіёнаў. Акрамя гэтага, ён пабіў рэкорд рэзультатыўнасці ў еўракубках сярод ангельцаў, які належаў Уэйну Руні (30 галоў).

За «Баварыю» таксама дублем вызначыўся Майкл Алісе, для якога гэты матч быў дэбютным у ЛЧ. З французскіх гульцоў два галы ў дэбютнай сустрэчы ЛЧ забіваў толькі Цьеры Анры ў 1997 годзе.

Томас Мюлер правёў 152-і матч за «Баварыю» ў ЛЧ, стаўшы рэкардсменам па гэтым паказчыку.

Дзейны чэмпіён мадрыдскі «Рэал» на апошніх хвілінах вырваў хатнюю перамогу над «Штутгартам», для якога гэтая гульня стала першай за 14 гадоў і 184 дні.

Матч скончыўся з лікам 3:1. У складзе гаспадароў мячы забілі Кіліян Мбапэ (46-я хвіліна), Антоніа Рудыгер (83) і 18-гадовы Эндрык (95), які выйшаў на замену на 90-й хвіліне. У нямецкай камандзе вызначыўся Дэніз Ундаў (68).

Эндрык стаў самым маладым аўтарам гола ў ЛЧ у складзе «Рэала». Усяго на рахунку бразільца два галы ў пяці гульнях за «Рэал». Пры гэтым у папярэдніх сустрэчах ён гуляў не больш за пяць хвілін.

«Рэал» не саступае ўжо 33 гульні.

У іншым матчы партугальскі «Спортынг» дома падолеў французскі «Ліль», які з 40-й хвіліны гуляў у меншасці. Сустрэча скончылася з лікам 2:0.

Італійскі «Мілан» дома саступіў ангельскаму «Ліверпулю» з лікам 1:3 у матчы першага тура агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў.

У гаспадароў мяч забіў Крысціян Пулішыч (3), у гасцей вызначыліся Ібраіма Канатэ (23), Верджыл ван Дэйк (47) і Дамінік Сабаслаі (67).

Супрацьстаянне «Мілана» і «Ліверпуля» ў першую чаргу вядомае фіналам Лігі чэмпіёнаў 2005 года, у якім ангельскі клуб саступіў з лікам 0:3, але зраўняў лік пасля перапынку і перамог у серыі пенальці. Да сённяшняй сустрэчы каманды правялі шэсць матчаў, на рахунку «Ліверпуля» было пяць перамог (калі ўлічваць фінал ЛЧ-2005) і адна параза (у фінале ЛЧ-2007).

Стартавы дзень ЛЧ стаў другім у гісторыі турніру і найлепшым з кастрычніка 2014 года ў выніковасці за гульню - пяць галоў за матч.

З гэтага сезона фармат турніру змяніўся. Замест 32 клубаў у ім згуляюць 36, пры гэтым не будзе традыцыйнага падзелу на восем груп па чатыры каманды. Усе 36 клубаў будуць выступаць у адной групе паводле швэйцарскай сістэмы, кожная каманда правядзе на першым этапе восем матчаў супраць розных спаборнікаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках