ДАІ абвясціла рэйды па ўсёй Беларусі
11- 19.09.2024, 11:22
- 13,574
«Асаблівую ўвагу» паабяцалі не толькі кіроўцам.
МУС Беларусі абвясціла аб правядзенні "прафілактычных мерапрыемстваў" з 19 да 24 верасня. "Асаблівую ўвагу" паабяцалі надаць усім удзельнікам дарожнага руху, і асабліва - увечары, бо з надыходам восені колькасць ДТЗ павялічваецца.
Так, у сувязі са скарачэннем светлавога дня ДАІ запланавала правесці рэйды "для гарантавання бяспекі" ўразлівых удзельнікаў дарожнага руху. Асаблівую ўвагу праваахоўнікі надумалі звярнуць на папярэджанне ДТЗ увечары, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У МУС падкрэслілі, што правядзенне рэйдаў для адпрацоўкі найбольш аварыйна-небяспечных адцінкаў дарог і пешаходных пераходаў запланаванае з прыцягненнем да адказнасці ўсіх, хто парушае ПДР. Размова ідзе аб веласіпедыстах, пешаходах і кіроўцах, якія "ігнаруюць захаванне хуткасных рэжымаў і правілаў праезду пераходаў".
На што звярнуць увагу кіроўцам і пешаходам?
У ДАІ звярнулі ўвагу, што зараз кіроўцам трэба пераходзіць на новыя ўмовы на дарогах і праявіць "гранічную ўважлівасць" з-за скарачэння светлавога дня. Ім рэкамендавалі наступнае:
• выбіраць бяспечную хуткасць руху,
• улічваць варункі надвор'я і бачнасць,
• узмацняць увагу пры праездзе небяспечных адцінкаў паблізу ад лясных масіваў.
Далі свае рэкамендацыі ў Дзяржаўтаінспекцыі і пешаходам:
• перасякаць праезную частку выключна ва ўстаноўленых месцах,
• перад тым, як пераходзіць дарогу, пераканацца ў тым, што кіроўцы вас заўважылі і прапускаюць,
• уночы насціь святлоадбіўныя элементы.