3 верасня 2024, aўторак, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША знайшлі за 500 км ад Масквы пускавую пляцоўку для «лётнага Чарнобыля» Пуціна

10
ЗША знайшлі за 500 км ад Масквы пускавую пляцоўку для «лётнага Чарнобыля» Пуціна

Пускавую пляцоўку для ракетаў з ядзерным рухавіком «Буравеснік» расейскія вайскоўцы будуюць недалёка ад Волагды.

Расейскія вайскоўцы будуюць недалёка ад Волагды пускавую пляцоўку для ракетаў з ядзерным рухавіком «Буравеснік» – аднаго з пяці відаў «цуд-зброі», стварэнне якіх дыктатар Уладзімір Пуцін анансаваў 6 гадоў таму.

Як паведамляе Reuters, да такой высновы пасля аналізу спадарожнікавых звестак прыйшлі амерыканскія даследнікі Дэкер Эвелет і Джэфры Льюіс з аналітычнай кампаніі CNA і Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлбэры.

Аб'ект, які паказаны на здымках амерыканскай Planet Labs, знаходзіцца за 475 км на поўнач ад Масквы, недалёка ад сховішча ядзерных боегаловак, і мае кодавыя назвы «Волагда-20» і «Чэбсара». Як сцвярджаюць Эвелет і Льюіс, ён уключае дзевяць пускавых установак, якія размешчаныя трыма групамі ўнутры высокіх бермаў, прызначаных для абароны ад знешняга нападу або выпадковага выбуху.

Гэты «аб'ект прызначаны для вялікай стацыянарнай ракетнай сістэмы», упэўнены Льюіс. Ён дадае, што адзінай такой сістэмай, якую цяпер распрацоўвае Расея, з'яўляецца «Буравеснік» (SSC-X-9 Skyfall у класіфікацыі NATO).

Пра ракету, якая дзякуючы ядзернаму рухавіку павінна мець неабмежаваную далёкасць, Пуцін упершыню абвясціў у 2018 годзе, рэкламуючы яе як «незбівальную» і для тых, хто стаіць на ўзбраенні, і для перспектыўных сістэмаў СПА. Але з 13 вядомых яе выпрабаванняў, паводле звестак Nuclear Threat Initiative, 11 скончыліся няўдала. У 2019 годзе «Буравеснік» упаў у Баранцава мора, а падчас місіі ў яго знаходжанні адбыўся выбух, у выніку якога загінулі 7 чалавек, у тым ліку навукоўцы з ядзернага цэнтра ў Сарове.

Улетку 2020 года спецпасланнік ЗША ў кантролі над узбраеннямі Маршал Білінгслі заклікаў Расею спыніць небяспечныя выпрабаванні сумнеўнай распрацоўкі. «Гэта не што іншае, як лётны Чарнобыль», – наракаў ён, выступаючы ў Сенаце: акрамя ядзернай боегалоўкі ракета мае на борце ядзернае паліва, можа пакідаць за сабой радыяцыйны «выхлап» пры палёце, а яе падзенне стварае забруджванне мясцовасці.

Меркаваная пускавая пляцоўка для «Буравеснікаў» знаходзіцца непадалёк ад сховішча ядзерных боегаловак – а гэта незвычайна для расейскіх узброеных сілаў, адзначаюць Льюіс і Эвелет. У расейскім войску так робяць толькі з размешчанымі міжкантынентальнымі ракетамі, а гэта значыць, што на аб'екце пад Волагдай «Буравеснікі», верагодна, будуць знаходзіцца ў шахтах з баявой часткай, мяркуюць эксперты. Гэта дазволіць хутка запусціць іх у выпадку неабходнасці, падкрэсліваюць яны.

Пра тэхнічныя характарыстыкі «Буравесніка» – першай такой ракеты ў свеце – вядома няшмат: эксперты мяркуюць, што ракета выкарыстоўвае цвёрдае паліва для разгону, і ўключае ядзерную сілавую ўстаноўку ўжо на траекторыі. Сцвярджэнні пра незбівальнасць ракеты пры гэтым, хутчэй за ўсё, маюць мала агульнага з рэальнасцю, паколькі «Буравеснік» ляціць на дагукавой хуткасці, адзначае Ханс Крыстыянсен з Амерыканскай федэрацыі навукоўцаў: «Ён будзе таксама ўразлівы, як і любая крылатая ракета. І чым даўжэй ён будзе ляцець, тым больш уразлівым ён будзе станавіцца, паколькі з'явіцца больш часу, каб яго адсачыць».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках